Гелена Скірмунт і яе Збаўца
Пра выдатную беларускую мастачку, чыё імя на доўгія гады было забытае на радзіме, распавядае мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.
У касцёле мястэчка Іванава, колішнім Янаве, што на Берасцейшчыне, захоўваецца ўнікальная рэліквія – невялікая выява Хрыста Збаўцы на крыжы, створаная Геленай Скірмунт. Яна была адной з першых жанчын у нашым краі, якая прысвяціла сябе мастацтву, перадусім скульптуры, што да яе лічылася заняткам нежаночым.
Першыя ўрокі жывапісу Гелена ўзяла ў віленскага пейзажыста Вінцэнта Дмахоўскага, які быў уражаны талентам дзяўчынкі. У васямнаццаць гадоў яна паехала ў Еўропу суправаджаць Канстанцыю Скірмунт — сяброўку маці і будучую свякроў. Там яна і спасцігла вялікую навуку мастацтва. Наведала свайго дзядзьку Напалеона Орду, які пасля вызвольнага паўстання 1831 года жыў у выгнанні за мяжой. Ён да канца дзён апекваўся таленавітай пляменніцай і яе творчым даробкам. У Вене яна наведвала заняткі славутага аўстрыйскага скульптара Ёзафа Сезара, а ў Рыме вучылася ў вядомых скульптараў Луіджы Амічы і Філіпа Галі.
Па вяртанні ў родны край Гелена Скірмунт малявала абразы для касцёлаў, партрэты і пейзажы. Яна мела вялікі мастацкі талент, таксама была і прафесійнай скульптаркай, што ў сярэдзіне XIX стагоддзя здавалася вялікім дзівам для жанчын. У той час словазлучэнне "жанчына-скульптарка” было нечуваным, пагатоў такім рамяством не займаліся пані! Але Гелену гэта не спыніла. Яна не магла не тварыць, не прамаўляць у Вечнасць.