Пошук

Іван Хруцкі. Жывыя нацюрморты

Мастакі, дойліды і фатографы розных эпох, імкнуліся ствараць незямное хараство ў нашай зямной штодзённасці. Іх творы і іх уласныя лёсы адлюстраваліся ў люстэрку вечнасці, у якім сёння мы бачым самі сябе.

Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі распавядае пра славутага жывапісца Івана Хруцкага, чыё імя навечна ўпісанае ў гісторыю нашага мастацтва. Па ягоных творах, найперш нацюрмортах, мы пазнаем усю ягоную эпоху, у невымоўным харастве ладоў гэтае зямлі.

На ягоную біяграфію прыпалі ўсе драматычныя падзеі ХІХ стагоддзя: войны, паўстанні і ліквідацыя святой Уніі. Яны перапляліся з ягоным асабістым лёсам. Іван Хруцкі быў пахаваны на фамільных могілках у Захарнічах. Некралога не было. Дом згарэў. На жаль, ужо ў наш час некалі дыхтоўнае старасвецкае надмагілле было пашкоджана і разрабавана. Ад сядзібы ў Захарнічах не засталося і знаку… Але назаўжды засталіся светлая памяць і сотні палотнаў мастака. Засталіся ў вечнасці… Самы вялікі, дыхтоўны збор твораў мастака, перадусім ягоных жывых нацюрмортаў, так, менавіта жывых, з трапяткім бляскам свечак, струменямі тытунёвага дыму, матылямі і птушкамі, напоўненых святлом і паветрам, зберагаецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Ягоныя творы зберагаюцца таксама ў музеях Польшчы, Расіі, Літвы, Украіны, дзе паўсюль яго таксама лічаць сваім.

24 кастрычніка 2024