Пошук

Іпаліт Гараўскі. Пейзажыст-рамантык

У гэтым выпуску падкаста У люстэрку вечнасці Сяргей Харэўскі распавядае пра жывапісца, які паходзіў з мастакоўскага роду Гараўскіх і чые імя амаль згубілася ў гісторыі. Біяграфія Іпаліта Гараўскага поўная няпэўнасцяў і таямніц, галоўная з якіх – апошнія гады ягонага жыцця. Нам невядомыя ні месца, ні час, ні абставіны канца ягонага зямнога шляху.

Адной з самых адметных работ Іпаліта Гараўскага з'яўляецца карціна Ля крыжа. Смерць паўстанца. На ёй намаляваны забіты расійскімі карнікамі паўстанец, які ўпаў побач са сваім канём. Здранцвелыя ў зімовых шатах дрэвы і хмызы, высока ўзнесены ў неба крыж і забіты чалавек на снезе пад крыжам сымбалізуюць трагічную паразу паўстання 1863 года. Выдатны майстар пейзажу Іпаліт Гараўскі вельмі пранікнёна перадаў псіхалагічную складанасць сюжэту. Пад прыдарожным крыжам завяршыў свой зямны шлях паранены гэрой… Перад гледачом пададзены не проста пейзаж, а драматычны фінал паўстання. Гэты твор, вельмі трагічны паводле свайго настрою, захоўваецца цяпер у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

08 лістапада 2024