Пошук

Казімір Альхімовіч. Паўстанец, выгнанец, мастак

У гэтым выпуску мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі распавядае пра Казіміра Альхімовіча – славутага жывапісца, чые творы сталі вядомы па абодва бакі Атлантыкі яшчэ пры ягоным жыцці.

Казімір Альхімовіч стварыў больш за 100 твораў, разнастайных па жанрах і тэматыцы. Гэта і гістарычныя палотны, такія як Пахаванне Гедзіміна, Смерць Міхаіла Глінскага ў цямніцы, Абарона Ольштына, і міфалагічныя вобразы мінуўшчыны, і вобразы міцкевічаўскіх герояў, і вясковая тэматыка, і суровыя сцэны расейскае ссылкі, і, натуральна, абразы і рэлігійныя творы. У творах Альхімовіча спалучаецца суворы рэалізм і ўзнёслы рамантызм. Ягоная палітра няяркая і стрыманая. Матыў смерці, які часта прысутнічае ў творах Альхімовіча – гэта не смутак, а разважанні пра Вечнасць.

Галоўны твор Казіміра Альхімовіча – Пахаванне Гедзіміна, напісаны ў 1883 годзе. Мастак адлюстроўвае сцэну пахавання Вялікага князя літоўскага Гедзіміна паводле паганскага абраду. Гэтае палатно ўражвае сваім элегічным, жалобным настроем. Яно дысанансам вылучаецца сярод тагачаснага гістарычнага жывапісу з яго пафасам гэраічнае мінуўшчыны. Таму і прыцягвала асаблівую ўвагу гледачоў на выставах, як у Еўропе, гэтак і ў Амерыцы, прынесшы аўтару вышэйшыя ўзнагароды і сусветную вядомасць.

Казімір Альхімовіч стварыў мастацкі вобраз сваёй радзімы, рамантычны і драматычны. Трэба было мастаку прайсці свой пакручасты шлях да разумення сэрцам і душой яе трагедыі і велічы, каб расказаць пра гэта свету. Творчая спадчына мастака Казіміра Альхімовіча сёння належыць тром народам — беларусам, палякам і літоўцам. Іх супольны гістарычны лёс спалучыўся ў жыцці і творчасці мастака. На жаль, жывапісных твораў Альхімовіча ў беларускіх музеях амаль няма, яго творчасць пакуль малавядомая ў Беларусі. 

04 лістапада 2024