Пошук

Леў Дабжынскі. Вобразы Вільні

У гэтым выпуску гаворка ідзе пра мастака Льва Дабжынскага. Асноўнымі ў яго творчасці былі вобразы Вільні і яе шматлікіх святыняў. Ім былі створаныя дзясяткі палотнаў і графічных аркушоў у розных тэхніках, на якіх мы бачым касцёлы, дамы, пакручастыя віленскія завулкі.

Леў Дабжынскі быў заснавальнікам і чынным удзельнікам гэтак званае “Віленскай групы” мастакоў, створанай у 1937 годзе. У Вільні з поспехам прайшла яго першая персанальная выстава, пасля чаго ён атрымаў стыпендыю на стажыроўку ў Францыі. Але за тыдзень да ад’езду здарылася трагедыя, гвалтоўная смерць мастака. Пахаваны Леў Дабжынскі ў Лошы, дзе на яго магіле, што каля капліцы, пастаўлены помнік.

У 1938 годзе ў Вільні ў Доме афіцэрскага казіно адбылася пасмяротная выстава жывапісных і графічных твораў Льва Дабжынскага, на якім былі сабраныя пейзажы, партрэты і эскізы да дэкаратыўных пано. Сябры Льва Дабжынскага з факультэта мастацтваў за ўласныя грошы арганізавалі вялікую рэтраспектыўную выставу мастака, што экспанавалася ў розных гарадах тагачаснае Польшчы. Але большасць жывапісных твораў мастака знікла пасля Другой сусветнай вайны. Некаторыя з іх зберагаюцца сёння ў зборах Вільні, Гданску і Варшавы.

21 лістапада 2024