Марыя Пшаздзецкая. Мастачка і мэцэнатка
У гэтым выпуску Сяргей Харэўскі распавядае пра славутую мэцэнтаку і філантропку, мастачку-мініятурыстку Марыю Пшаздзецкую. Яна нарадзілася ў Паставах 13 лістапада 1823 года, была дачкой палкоўніка напалеонаўскай арміі, славутага арнітолага Канстанціна Тызенгаўза і Валерыі Ваньковіч. У Паставах прайшо яе дзяцінства, там яна стварыла свае першыя мастацкія творы.
Мастацкая творчасць Пшаздзецкай цяпер, на жаль, малавядомая, хоць яе сучаснікі адзначалі, што кожную вольную хвіліну яна прысвячала “любімым заняткам жывапісам”, найбольшага майстэрства дасягнула ў тэхніцы акварэлі. Вялікая колькасць яе твораў была знішчаная ў Варшаве падчас вайны.
Найважнейшым мастацкім дасягненнем Марыі Пшаздзецкай стала аздоба рукапіснага кодэкса, што змяшчае польскі пераклад булы Пія IX Ineffebilis Deus аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі. Багаты мастацкі дэкор, што аблямоўвае тэксты, прадстаўляе гісторыю культу Маці Божай Каралевы на тле гісторыі Рэчы Паспалітае. Арнамент кожнай старонкі, змяшчае выявы каралёў, знакамітых людзей, святых заступнікаў, віды гарадоў, замкаў і храмаў. Тамсама змешчаныя выявы самых шанаваных у нашых краях абразоў Маці Божай. У 1892 сын Марыі Пшаздзецкай, Канстанцін, перадаў рукапіс наступніку Пія IX, Льву XIII. Той Кодэкс, аздоблены Марыяй Пшаздзецкай, захоўваецца цяпер у Ватыканскай бібліятэцы.
Тамсама ёсць яшчэ адна праца, звязаная з асобай Марыі Пшаздзецкай – альбом Terra Mariana, падараваны балтыйскай арыстакратыяй Папе Льву XIII з нагоды залатога юбілею яго святарства. Альбом адлюстроўвае гісторыю хрысціянства ў Латгаліі. Ініцыятаркай і фундатаркай гэтай кнігі была Марыя Пшаздзецкая. Калі ў 2014 Латвійская нацыянальная бібліятэка зрабіла факсімільнае перавыданне альбома, то асобнік яго быў падораны і арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу.