Напалеон Орда. Майстра архітэктурнага пейзажу
Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі распавядае пра славутага мастака з унікальным лёсам і незвычайным іменем – Напалеон Орда. Гэты творца вядомы перадусім як майстар архітэктурнага пейзажу, чые творы сталіся класікай беларускага і еўрапейскага мастацтва. Уласна, толькі паводле ягоных пейзажаў, мы сёння ведаем, як выглядала Беларусь 200 гадоў таму, у люстэрку Вечнасці.
Нарадзіўся Напалеон Орда 11 лютага 1807 года ў радавым маёнтку Варацэвічы Пінскага павету Мінскай губерні (цяпер мястэчка ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці) у сям'і маршалка шляхты Кобрынскага павету, інжынера-фартыфікатара Міхала Орды, які даў сыну імя французскага імператара. Напалеон Орда, узгадаваны на Палессі, урэшце здабыў сабе сапраўдную еўрапейскую славу.
Цяжка даць веры, але яшчэ ў ХХ стагоддзі пра яго амаль не пісалі ў Беларусі. I толькі ў XXI стагоддзі мы пачалі ўсведамляць маштаб асобы нашага суайчынніка з гучным імем. Ягоныя творы зберагаюцца ў музеях Беларусі, Польшчы, Францыі, Расіі, Літвы, Украіны, дзе паўсюль яго таксама лічаць сваім.