Вінцэнт Лукашэвіч. Мастак памежжа
Вінцэнт Лукашэвіч нарадзіўся ў Ракаве ў 1861 годзе, у даволі заможнай шляхецкай сям’і Дамініка Лукашэвіча. Тамсама, у Ракаве, ён і быў ахрышчаны ў колішнім дамініканскім касцёле Святога Духа. Школьную адукацыю ён завяршыў у недалёкім Мінску, а затым абраў сабе шлях мастака, працягнуўшы сваю адукацыю ў малявальнай школе Івана Трутнева ў Вільні да 1881 году.
Затым выправіўся ў далёкі Пецярбург, у сталіцу царства, дзе закончыў славутыю тамтэйшую Акадэмію мастацтваў. Вучоба ў Пецярбургу, дзе Вінцэнт Лукашэвіч вывучаў пейзажны жывапіс, расцягнулася на доўгія 10 гадоў. За творчыя поспехі малады мастак неаднаразова ўзнагароджваўся сярэбраным і залатым медалямі Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, з 1888 года атрымаў стыпендыю. Праз год атрымаў залаты медаль за кампазіцыю "Анёл выводзіць Апостала Пятра з вязніцы". Ад таго часу ён назаўжды знітаваў сваю творчасць з рэлігійным жывапісам.
Сёння карціны мастака знаходзяцца ў Літоўскім мастацкім музеі, Дзяржаўным Рускім музеі ў Пецярбургу, розных музеях Польшчы, а таксама ў многіх касцёлах. Вераемна, і ў Беларусі таксама, але, на жаль, пакуль мы пра гэтае не ведаем.