Ян Тысевіч. Забыты мастак
У гэтым выпуску мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі распавядае пра мастака, чыё імя забытае на радзіме, у Беларусі, амаль згубілася ў гісторыі… Гаворка ідзе пра Яна Тысевіча, сапраўднае імя якога насамрэч было Ўладзіслаў Невяровіч. Нарадзіўся ён у маі 1814 году ў старасвецкім фальварку Марцыбелішкі Ігуменскага павета, у сучасным Чэрвеньскім раёне. А праз чатыры гады яго, сына яснавяльможных Ёахіма Невяровіча і Тэклі Немаршанскай, ахрысцілі ў Смілавіцкім касцёле Святога Вінцэнта, даўшы доўгае імя Ўладзіслаў Рох Мечыслаў.
Верагодна, там, у Смілавічах, ён вучыўся ў славутай школе айцоў-піяраў. Бо ўжо ў 16 гадоў ён паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Ёсць меркаванне, што жывапісу ён вучыўся ў Яна Рустэма. У 1832 годзе Невяровіч быў арыштаваны за ўдзел у вызваленчым руху, і асуджаны расійскімі карнікамі на смерць. Але страшны прысуд, улічваючы ўзрост юнака, замянілі на салдатчыну. Невяровіч тым часам апынуўся ў віленскай лякарні, адкуль здолеў збегчы ажно ў далёкую Галіцыю. Адзін тамтэйшы шляхціц, які даў прытулак Невяровічу, у той час страціў сына, падобнага да Уладзіслава, і назваў уцекача за свайго сына. Так нарадзіўся Ян Тысевіч, псеўданім мастака, што стаў ягоным імем.