Пошук

Януарый Сухадольскі. Мастак-баталіст

Гэты выпуск прысвечаны славутаму жывапісцу, які здабыў сабе славу пры жыцці, але прайшоў няпросты шлях зямны, страціўшы многіх блізкіх… Гаворка ідзе пра Януара Сухадольскага, які нарадзіўся ў 1797 годзе ў Гродне. Там, над Нёманам, прайшло ягонае маленства. Род Сухадольскіх паходзіць з Ваўкавыскага павету. Дзед славутага мастака быў ваяводам гарадзенскім, а бацька скарбнікам літоўскім, паслом Чатырохгадовага сэйму і ўдзельнікам паўстання Касцюшкі.

Януарый Сухадольскі стаў вельмі вядомым жывапісцам сваёй эпохі, уславіўшыся, перадусім, як мастак-баталіст. Адна з лепшых карцін у яго творчасці – вядомая праца "Пераправа войска Напалеона праз Бярэзіну" . Значную частку яго работ складаюць жанравыя карціны, краявіды і, натуральна, рэлігійныя творы. Але, перадусім, Сухадольскі набыў папулярнасць як аўтар рамантычных карцін патрыятычнага характару. Яшчэ да Яна Матэйкі ён прадстаўляў на сваіх палотнах вобразы з мінулага нашай краіны, якія адыгралі важную ролю ў фарміраванні нашай нацыянальнай гістарычнай свядомасці. Сухадольскі, дарэчы, ілюстраваў літаратурныя творы, у тым ліку Джорджа Байрана, а таксама Адама Міцкевіча і Вінцэнта Пола, з якімі сябраваў.

Значную частку творчасці Сухадольскага складаюць касцёльныя абразы, патрэты і пейзажы. Яго вялізарны мастацкі даробак складалі некалькі сотняў жывапісных твораў. На жаль, многія з іх былі страчаны падчас войнаў, астатнія знаходзяцца ў музеях Польшчы, Расіі і Украіны, але некалькі твораў ёсць і ў Беларусі.

05 лістапада 2024