Юзаф Чаховіч. Летапісец Вільні
У гэтым выпуску Сяргей Харэўскі распавядае пра лёс Юзафа Чаховіча, аднаго з піянераў не толькі літоўскай, але і беларускай і ўкраінскай фатаграфіі. Ён быў летапісцам віленскага жыцця, амаль 15 гадоў адзіным фатографам у Вільні.
Чаховіч меў у Вільні ўласны дом, дзе і трымаў фотаатэлье, насупраць уваходу ў Бэрнардынскі сад. Ён быў вядомы як выдатны партрэтыст, але, перадусім, яго цікавілі вуліцы і плошчы Вільні і яе ваколіцы. Ён першы ў Вільні зрабіў фотаздымкі касцёльных і палацавых інтэр'ераў, у тым ліку капліцы святога Казіміра ў катэдры, касцёла святых Пятра і Паўла ў Антаколі, палаца ў Вярках. Ён першым стаў фатаграфаваць сцэны з паўсядзённага жыцця жыхароў прадмесцяў: Бяльмонта, Кальварыі, Паплаваў, Зарэчча, Звярынца. Юзэф Чаховіч зрабіў каля 200 фотаздымкаў Вільні: надвор'е, будынкі, інтэр'еры. Дзякуючы яму мы ведаем, як выглядала Вільня ў 1870-1880-я гады.
Творчая спадчына Юзафа Чаховіча належыць тром народам: беларусам, палякам і літоўцам. Іх супольны гістарычны лёс спалучыўся ў жыцці і творчасці мастака.