Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа пра культуру інклюзіўнасці і роўнасці ў эканоміцы

Пагаршэнне сітуацыі ў свеце Папа звязвае, у першую чаргу, з этычным вымярэннем: эгаізмам і эксклюзіяй. Ён прызнаўся ў гэтым пачас сустрэчы з удзельнікамі ватыканскай канферэнцыі.

Заключнае пасяджэнне міжнароднай канферэнцыі па пытанні палітыкі і ладу жыцця ў лічбавую эпоху, ініцыяванай Папскім фондам “Centesimus Annus – pro Pontifice”, адбылося 26 мая 2018 г. у Ватыкане.

У ходзе канферэнцыі, якую ўзначаліў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін, да яе ўдзельнікаў звярнуўся Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей I, а завяршыўся форум прыватнай аўдыенцыяй у Святога Айца Францішка.

Папа падзякаваў Фонду за працу па распаўсюджанні мудрасці сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла сярод занятых у дзелавой сферы і эканамічным сектары.

“[Гэтае заданне застаецца як ніколі патрэбным з улікам таго, што сацыяльныя і фінансавыя выклікі, з якімі сутыкаецца міжнародная супольнасць, сталі яшчэ больш складанымі і ўзаемазвязанымі]”

- падкрэсліў Пантыфік.

Пагаршэнне сітуацыі ў свеце Папа звязвае, у першую чаргу, з этычным вымярэннем: эгаізм і эксклюзія, сказаў ён, правакуюць культуру адчужэння, “сляпую ў адносінах да чалавечай годнасці найбольш слабых асоб”. Францішак выказаў занепакоенасць “глабалізацыяй абыякавасці” адносна відавочных маральных выклікаў сучаснасці.

“[Этычнае вымярэнне сацыяльных стасункаў не можа быць прыўнесена ў жыццё і сацыяльную дзейнасць звонку; яно павінна ўзнікаць знутры. Гэта, зразумела, доўгатэрміновая мэта, якая патрабуе намаганняў кожнага чалавека і кожнай структуры грамадства]”

- працягнуў Святы Айцец.

Па словах Папы, лічбавая эпоха і распаўсюджанне тэхналогій зрабіла больш складаным і нестабільным працэс працаўладкавання. У такіх умовах, падкрэсліў ён, праца і ўнёсак Фонда “Centesimus Annus” становяцца “прывілеяваным выразам увагі Каталіцкага Касцёла да будучыні моладзі і сем’яў”.

“[Гэта дзейнасць, у якой асаблівую важнасць мае экуменічнае супрацоўніцтва, і прысутнасць Патрыярха Канстантынопальскага Барталамея з’яўляецца красамоўным выразам нашай агульнай адказнасці]”

- заключыў Святы Айцец.

На заканчэнне Папа пажадаў членам Фонда, які ў гэтым годзе адзначае 25-гадовы юбілей сваёй дзейнасці, не спыняцца ў намаганнях фарміраваць свядомасць палітычных, эканамічных і сацыяльных лідэраў грамадства, бо гэта спрыяе будаванню “глабальнай культуры эканамічнай справядлівасці, роўнасці і інклюзіўнасці”.

Пантыфік сустрэўся з удзельнікамі канферэнцыі Фонду “Centesimus Annus"
Навіна ў фармаце аўдыё
26 мая 2018, 13:22