Пошук

Кардынал Пьетра Паралін Кардынал Пьетра Паралін 

Дзяржсакратар: палітыка закрытых дзвярэй – не адказ на міграцыю

Святы Пасад знаходзіцца ў першых шэрагах у пытаннях абароны рэлігійнай свабоды ў свеце, падкрэсліў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін.

Бліжэйшы супрацоўнік Папы прыняў удзел у сімпозіуме на тэму абароны рэлігійнай свабоды, які 25 чэрвеня 2018 г. прайшоў у Папскім універсітэце Святога Крыжа. На заканчэнне форума ён адказаў на актуальныя пытанні журналістаў.

Каментуючы сітуацыю з пераследам рэлігійных меншасцяў, ён звярнуў увагу на існаванне пэўнай абыякавасці з боку палітыкаў і грамадстваў да гэтай праблемы. На думку іерарха, вырашэнне праблемы патрабуе стварэння адпаведных эканамічных і сацыяльных умоў, якія б дазволілі прадстаўнікам этнічных ці рэлігійных меншасцяў вярнуцца на радзіму, вядзення міжрэлігійнага дыялогу, дбання пра рэлігійнае выхаванне моладзі і прадухіленне яе радыкалізацыі, спынення патокаў фінансаў і зброі, якія робяць магчымымі напады на групы меншасцяў.

Гаворачы аб пазіцыі Святога Пасаду адносна міграцыйнага пытання, кіраўнік ватыканскай дыпламатыі падкрэсліў, што гэта праблема патрабуе сумеснага адказу ў духу салідарнасці. “Замкнёныя дзверы – гэта не адказ. Адказ павінен зыходзіць толькі ад супрацоўніцтва паміж усімі еўрапейскімі краінамі (…) Дзе Еўропа? Ці існуе яшчэ? Як кажуць: калі ты ёсць, падай знак!”, - скіраваў заклік да еўрапейскіх народаў іерарх.

Узгадваючы пра запланаваную на 7 ліпеня 2018 г. пілігрымку Францішка ў італьянскі горад Бары, дзе пройдзе экуменічная малітоўная сустрэча ў інтэнцыі міру на Блізкім Усходзе, кардынал Пьетра Паралін падкрэсліў, што гэта ініцыятыва зыходзіла менавіта ад Святога Айца. Такім чынам ён хоча пераказаць хрысціянам Блізкага Усходу пасланне “блізкасці і падтрымкі”, бо важна, каб яны ведалі, што іх становішча хвалюе Каталіцкі Касцёл, патлумачыў бліжэйшы супрацоўнік Папы.

Навіна ў фармаце аўдыё
26 чэрвеня 2018, 15:34