Святы Айцец занепакоены сітуацыяй у Емене
“З глыбокай заклапочанасцю назіраю за трагічным лёсам насельніцтва Емена, знясіленага гадамі канфлікту. Заклікаю міжнародную супольнасць не шкадаваць ніякіх намаганняў, каб неадкладна пасадзіць за стол перамоваў бакі супрацьстаяння і пазбегнуць пагаршэння ўжо трагічнай гуманітарнай сітуацыі”, - сказаў Папа на заканчэнне сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая 17 чэрвеня 2018 г. прайшла ў Ватыкане.
Узброены канфлікт у Емене працягваецца з 2014 г. З аднаго боку ў ім удзельнічаюць паўстанцы-хусіты з шыіцкай групоўкі “Ансар Ала” і частка арміі, лаяльная былому прэзідэнту Алі Абдале Салеху. З іншага боку, урадавыя войскі і групоўкі, лаяльныя прэзідэнту Абду Рабо Мансуру Хадзі.
У выніку супрацьстаяння загінулі каля 10 тыс. чалавек. Некалькі мільёнаў чалавек пакутуе ад пагаршэння гуманітарнай сітуацыі, да якой прывяла блакада Емена з боку Саўдаўскай Аравіі.