Святы Пасад: бацькі – першыя выхавальнікі сваіх дзяцей
Арцыбіскуп Іван Юркавіч, падкрэсліў што першаснае права і абавязак па выхаванні дзяцей належыць іх бацькам. Яны павінны мець магчымасць самастойна выбіраць для сваіх дзяцей навучальную ўстанову, якая будзе лепш адпавядаць сістэме іх каштоўнасцяў. Так, на яго думку, роля адукацыйнага працэсу ва ўсебаковым развіцці грамадства будзе больш істотнай.
Па словах ватыканскага дыпламата, у глабалізаваным свеце адукацыя заклікана карыстацца “граматыкай дыялогу”, якая вядзе да сустрэчы і ўсведамлення каштоўнасці культурнай і рэлігійнай разнастайнасці. Але гэтая мэта не можа быць дасягнута праз “ідэалагічную каланізацыю”, што распаўсюджвае “памылковыя ідэі” адносна прыроды грамадства і чалавечай асобы, якія сутыкаюцца з мудрасцю народаў і рэлігій, перасцярог ён.
Іерарх нагадаў, што Святы Пасад выступае за неад’емнае права на адукацыю для кожнай асобы. Сугучна з праграмай ААН па дасягненні мэтаў устойлівага развіцця да 2030 г. ён заклікае ўрады вылучаць належнае фінансаванне на забеспячэнне ўсіх людзей “магчымасцю бесперапыннага працэсу здабывання ведаў”. Дыпламат пажадаў, каб міжнародная супольнасць падтрымлівала высілкі тых краін, якія змагаюцца за гэтае права для сваіх народаў.
Арцыбіскуп Юркавіч заўважыў, што Каталіцкі Касцёл робіць свой унёсак у справу забеспячэння ўсеагульнага доступу да адукацыі пасродкам створанай на працягу гісторыі шырокай сеткі сваіх навучальных устаноў, якая сёння налічвае звыш 200 тыс. школ і больш за тысячу ўніверсітэтаў па ўсім свеце.
На завяршэнне прамовы прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН сцвердзіў, што гарантаванне права на адукацыю забяспечвае ўдзел будучых грамадзян “у багатай культурнай спадчыне сваіх грамадстваў і падрыхтаванасць да дыялогу з іншымі людзьмі ў свеце, які становіцца ўсё больш узаемазалежным”, што можа зрабіць з іх “пасярэднікаў міру і ўсебаковага чалавечага развіцця”.