Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыканская дыпламатыя: абараніць жанчын у сферы працы

Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН і іншых міжнародных структурах у Жэневе, арцыбіскуп Іван Юркавіч выступіў на 107-й сесіі Сусветнай арганізацыі працы, прысвечанай правам жанчын.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў асамблеі, прадстаўнік Святога Пасаду заклікаў вярнуць сапраўдную каштоўнасць працы, “як фундаментага выразу асобы” і сродку для самарэалізацыі чалавека, паколькі гэта шлях для будавання інклюзіўнага грамадства, у якім чалавечы прагрэс вымяраецца не толькі эканамічным ростам і назапашваннем багаццяў.

Арцыбіскуп Юркавіч звярнуў увагу на тое, што будучыня працы непасрэдна звязана з моладдзю. “Каб будаваць устойлівую будучыню, неабходна задзейнічаць новыя пакаленні”, якія, парадаксальным чынам, усё больш адхілены ад удзелу ў вытворчых працэсах. Эканамічны рост, на яго думку, няздольны ствараць новыя і якасныя працоўныя месцы, асабліва для маладых людзей, галоўных дзеючых асоб сусветных працэсаў.

Забеспячэнне годнай працы немагчыма без роўнасці ў правах паміж мужчынамі і жанчынамі. Адзін з галоўных выклікаў – дазволіць жанчынам сумяшчаць працу з клопатам аб сям’і. Калі грамадства не прызнае сацыяльную каштоўнасць працы і ролю жанчыны ў сям’і, “жаночая дыскрымінацыя ніколі не будзе пераадолена”, адзначыў арцыбіскуп Юркавіч.

Іншы фундаментальны аспект – гэта адукацыя. Дыскрымінацыю можна пераадолець гарантуючы дзяўчынам і жанчынам роўны з мужчынамі доступ да атрымання ведаў. Ватыканскі дыпламат падкрэсліў, што менавіта прадстаўніцы слабога пола ўяўляюць сабой сацыяльную катэгорыю, найбольш неабароненую ад прымусовай працы, сучасных форм рабства і гандлю людзьмі.

Іерарх дадаў таксама, што Апостальская Сталіца асуджае сексуальныя злоўжыванні на працоўных месцаў, ахвярамі якіх галоўным чынам становяцца жанчыны. Ён адзначыў важнасць “эфектыўных і разумных” інфармацыйных кампаній, накіраваных на абарону жанчын ва ўсіх сферах іх жыцця, “пачынаючы ад паўсюднага прызнання іх годнасці”.

107-я сесія Сусветнай арганізацыі працы праходзіць з 28 мая па 8 чэрвеня 2018 г. у Жэневе. Яе заключнай часткай стане аднадзённы Сусветны саміт працы, на якім абмяркуюць значэнне занятасці і годнай працы для дасягнення міра і ўстойлівага развіцця. Звычайна на такія падзеі з’язджаюцца каля 5 тыс. дэлегатаў ад урадаў, работнікаў і працадаўцаў з 187 краін-членаў арганізацыі.

Навіна ў фармаце аўдыё
05 чэрвеня 2018, 15:21