Пошук

Патрыярх Копцкай Царквы Тавадрас II Патрыярх Копцкай Царквы Тавадрас II 

Цэрквы Блізкага Усходу ў Бары: усе праблемы – вырашальныя

Унутраныя праблемы блізкаўсходняга рэгіёну могуць быць вырашаны ў духу любові, дыялогу і паразумення, перакананы Патрыярх Копцкай Царквы Тавадрас II.

Каб дасягнуць супакою, кожны чалавек павінен прабываць ва ўнутраным міры з самім сабой; трэба адкінуць усе памылковыя вучэнні нянавісці і непрыняцця іншага і навучаць новыя пакаленні ўзаемнай любові, прыняццю адрозненняў і жыццю ў супольнасці, поўнай разнастайнасці. У такім заблытаным кантэксце, як на Блізкім Усходзе, няма іншага шляху да міру, як толькі праз належнае выхаванне маладых пакаленняў.

Такую думку выказаў Патрыярх Александрыйскі, адзін з удзельнікаў малітвы аб міры на Блізкім Усходзе, якая пройдзе 7 ліпеня 2018 г. у італьянскім Бары, у інтэрв’ю для Інфармацыйнага агенцтва італьянскага епіскапату (Sir) напярэдадні гэтай маштабнай экуменічнай ініцыятывы папы Францішка.

Па словах Прадстаяцеля Копцкай Царквы, падчас малітвы ў Бары Патрыярхі Цэркваў Блізкага Усходу хочуць разам, ад імя сваіх народаў, скіраваць да свету і міжнароднай супольнасці заклік да прыняцця і разумення рэлігійнай тоеснасці рэгіёну.

“Блізкі Усход – гэта месца нараджэння хрысціянства”, а мясцовыя хрысціяне – “аўтэнтычныя сведкі Хрыста”, падкрэсліў Патрыярх Тавадрас II і дадаў, што, “нягледзячы на ўсе годы пераследаў, яны засталіся моцнымі і ніколі не баяліся смерці ў імя Езуса Хрыста”.

“Хрысціяне Блізкага Усходу зведалі розныя формы пераследу, але заўсёды заставаліся вернымі малітве. У далейшым гэтыя пераследы ўзмацнілі веру нашых хрысціянаў і захавалі трывалымі іх адносіны з Хрыстом і з Богам”, - сказаў, у прыватнасці, Патрыярх.

“Мы б хацелі, каб усе ў свеце зразумелі, што хрысціянства глыбока ўкаранёна ў блізкаўсходні рэгіён, таму важна, што мы просім зразумець традыцыі і прынцыпы, згодна з якімі мы жывём. Калі ласка, не ўмешвайцеся ва ўнутраныя справы нашых краін. Мы можам вырашыць нашыя праблемы ў духу любові, дыялогу і паразумення”, - сказаў Тавадрас II, падкрэсліўшы, што менавіта такое пасланне лідары Цэркваў Блізкага Усходу хочуць адрасаваць свету ў ходзе экуменічнай малітвы ў Бары.

Навіна ў фармаце аўдыё
04 ліпеня 2018, 14:16