Даследаванні Плашчаніцы не ўплываюць на яе духоўнае значэнне
Так іерарх адказаў на публікацыю ў “Journal of forensic sciences”.
Незалежна ад вынікаў даследаванняў, “ніхто не можа адмаўляць відавочнасць таго факта, што сузіранне Плашчаніцы падобна прачытанню старонак Евангелля, якія распавядаюць аб пакуце і смерці Сына Божага на Крыжы. Такім чынам, Турынская плашчаніца, не з’яўляючыся прадметам веры, садзейнічае ёй”, - сказаў арцыбіскуп Чэзарэ Назілья. Менавіта гэта, перакананы ён, і сёння з’яўляецца прычынай таго, што “мільёны і мільёны вернікаў з усяго свету ўшаноўваюць Плашчаніцу, моляцца каля яе і сузіраюць яе, чэрпаючы надзею для свайго паўсядзённага жыцця”.
У сваю чаргу, прафесар Паола Дзі Ладзара, навуковы дырэктар Італьянскага агенцтва новых тэхналогій, энергіі і ўстойлівага эканамічнага развіцця, а таксама намеснік дырэктара Міжнароднага цэнтра вывучэння Турынскай плашчаніцы, заявіў, што даследаванні Барыні і Гарласкелі ўяўляюць пэўную цікавасць, аднак спосаб правядзення досведаў не мае дастатковых характарыстык для таго, каб іх можна было назваць “пераканаўчымі і аўтарытэтнымі”. Лабараторныя досведы па вывучэнні сыходу крыві з ран чалавека праводзіліся на здаровых валанцёрах ва ўмовах, якія моцна адрозніваліся ад тых, якія адносяцца да Плашчаніцы. Не была ўлічана наяўнасць на скурным покрыве чалавека зямлі, бруду, поту, гематом, а таксама не была ўлічаная ступень вязкасці крыві абязводжанага чалавека. Немагчыма ўзнавіць рэалістычныя ўмовы сыходу крыві ў укрыжаванага чалавека, не ўлічваючы гэтых фактараў, звярнуў увагу італьянскі прафесар.
Ва ўсялякім выпадку, абвешчаныя нядаўна вынікі новага даследавання Турынскай плашчаніцы ніякім чынам не ўплываюць на духоўнае і рэлігійнае значэнне гэтага святога палатна як “іконы пакут і смерці Пана”, падкрэсліў папскі кусташ арцыбіскуп Чэзарэ Назілья.