Рэха візіту Францішка ў Жэневу
На гэта звярнуў увагу арцыбіскуп Іван Юркавіч, пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы ў жэнеўскім прадстаўніцтве ААН.
Папскі візіт выклікаў вялікую цікавасць сярод супрацоўнікаў шматлікіх міжнародных арганізацый. “Было атрымана больш за 5,5 тыс. запытаў на квіткі на сустрэчы з Францішкам”, - паведаміў ватыканскі дыпламат. Ён адзначае, што вялікае рэха выклікалі і папскія заявы аб прыхільнасці Касцёла да міру і абароны чалавечай годнасці, а таксама аб асабістай прыхільнасці Пантыфіка да дапамогі бежанцам.
“Многія з прысутных у Жэневе арганізацый былі “строга нейтральнымі”, але ў апошні час у іх дзеяннях назіраецца большая адкрытасць да рэлігійнага фактару”, - заўважыў арцыбіскуп. Ён таксама адзначыў, што, як гэта ні парадаксальна, менавіта прыток мусульманскіх мігрантаў у Еўропу стаў нагадваць яе жыхарам пра важнасць рэлігіі і хрысціянскіх каштоўнасцей у грамадскім жыцці, для будучыні кантынента. У гэтым кантэксце ўсё больш чуецца, што культурная ідэнтычнасць Еўропы не можа недаацэньвацца, наадварот, яна павінна выяўляцца, развівацца і ўмацоўвацца.
Арцыбіскуп Юркавіч падкрэсліў, што прысутнасць Святога Пасаду на форуме міжнародных арганізацый з’яўляецца вельмі важнай, у прыватнасці, для наяўнасці іншага погляду на сусветныя працэсы. “Мы дэманструем, што нацыянальныя або міжнародныя інтарэсы ніколі не могуць дамінаваць над інтарэсамі асобных грамадзян”.
Тое ж тычыцца і глабалізацыі. “Не можна глядзець на гэтую з’яву толькі з ідэалагічных пазіцый; трэба прадпрымаць спробы адкрыцця сацыяльнага аспекту глабалізацыі, заснаванай на агульнапрызнаных каштоўнасцях: павазе правоў чалавека і чалавечай годнасці”, - адзначыў прадстаўнік Святога Пасаду ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.