Пошук

Святы Шарбэль Маклуф Святы Шарбэль Маклуф 

Ліван зноў у ватыканскім спісе месц пілігрымак

Святы Пасад зноў уключыў Ліван у спіс месц пілігрымак і рэлігійнага турызму у 2019 г., што адбылося пасля 12 гадоў перапынку.

Гэтую інфармацыю перадаў мясцовым уладам часовы павераны ў справах Лівана пры Святым Пасадзе Халіл Карам.

Святы Пасад штогод абвяшчае спіс з каля 20 краін, у асноўным еўрапейскіх, якія рэкамендуе як мэту пілігрымак і рэлігійнага турызму для католікаў з усяго свету. Тысячы людзей наведваюць кожны год такія месцы, як Рым, Святая Зямля, марыйныя санктуарыі ў Фаціме і Лурдзе, і многія іншыя. 12 гадоў назад з спісу знік Ліван, па прычыне напружанай палітычнай сітуацыі ў краіне і пагрозы вайны.

Гэтае пытанне было ўзнята Прэзідэнтам Лівана Мішэлем Аунам падчас яго афіцыйнага візіту ў Ватыкан у сакавіку 2017 г. Затым Карам сустракаўся з адказнымі ватыканскімі асобамі, прадстаўляючы ім аўдыёвізуальныя матэрыялы пра тыя месцы, якія пілігрымы маглі б наведаць у яго краіне.

Ліванскія ўлады на працягу некалькіх гадоў выказваюць жаданне ператварэння сваёй краіны ў вялікі пілігрымкавы цэнтр з поўнай інфраструктурай.

Самы вядомы з ліванскіх святых – Шарбэль Маклуф. Ён памёр 24 снежня 1898 г. у кляштары ў Анае, дзе пражыў усё жыццё. На месцы яго пахавання адбылося вельмі шмат цудаў, і туды пачалі прыходзіць шматлікія пілігрымы з усяго свету. Шарбэля бэатыфікаваў і кананізаваў бл. Павел VI – адпаведна, 5 снежня 1965 г., на заканчэнне II Ватыканскага Сабору, і 9 кастрычніка 1977 г.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 ліпеня 2018, 12:24