Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Дзяржсакратар ЗША для “Vatican News” пра рэлігійную свабоду

Дзяржсакратар ЗША запэўніў, што адміністрацыя Дональда Трампа лічыць рэлігійную свабоду прыярытэтным пытаннем. Менавіта таму ў Вашынгтоне быў арганізаваны спецыяльны міжнародны саміт.

Сюды запрасілі 40 кіраўнікоў дыпламатычных ведамстваў краін. Гаворка ідзе аб тым, каб пераканаць некаторыя “праблемныя” дзяржавы, гарантаваць усім поўную свабоду ў практыкаванні веры.

“[Для адміністрацыі Дональда Трампа рэлігійная свабода з’яўляецца рэальным прыярытэтам]”

, - запэўніў у інтэрв’ю “Vatican News” Майк Пампеа.

24 ліпеня 2018 г. у сталіцы Злучаных Штатаў з ініцыятывы гэтай краіны пачынаецца міжнародная сустрэча па пытаннях свабоды веравызнання. У ёй возьмуць удзел дэлегацыі з 80 краін свету, у тым ліку 40 міністраў замежных спраў.

У сувязі з гэтым, Дзяржсакратар падкрэсліў важнасць уключэння ў абмеркаванне не толькі палітычных, але і рэлігійных лідараў, у тым ліку папы Францішка. Вельмі важна, каб яны патрабавалі рэлігійнай свабоды не толькі для паслядоўнікаў сваёй рэлігіі, але і для тых, хто вызнае іншую веру.

“[Мы лічым, што Каталіцкі Касцёл можа адыграць важную ролю ў місіі, якую хочам рэалізаваць праз гэтую вялікую сустрэчу ў Вашынгтоне]”

, - сказаў Майк Пампеа.

“Гэта сапраўды вялікая падзея. Дзяржаўны дэпартамент пры Прэзідэнце Трампе абвясціў свабоду веравызнання сваім рэальным прыярытэтам. Менавіта таму мы арганізавалі гэтую сустрэчу. (...) Яна стане самым вялікім сходам у Дзяржаўным дэпартаменце. Наша місія ясная і змястоўная”, - сказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства ЗША.

Ён адзначыў, што форум павінен паказаць важнасць рэлігійнай свабоды для кожнага чалавека ў свеце. “Мы жадаем настойваць на гэтым. Ёсць краіны, якія падзяляюць амерыканскае разуменне рэлігійнай свабоды. Ёсць іншыя, якія не падзяляюць. І мы хочам паўплываць на кожную з гэтых краін, адпаведна накіраваць іх да большай рэлігійнай свабоды. Людзі ўсіх рэлігій павінны мець права на практыкаванне культу ў адпаведнасці з сваёй верай, а калі не хочуць, гэта таксама павінна быць іх права”, - сказаў кіраўнік амерыканскай дыпламатыі.

У гутарцы з “Vatican News” пра вашынгтонскі саміт Майк Пампеа таксама звярнуў увагу на ўзаемасувязь паміж рэлігійнай свабодай і развіццём. Людзі, якія маюць поўную свабоду ў вызнаванні сваёй веры, могуць асягнуць вялікія рэчы. З іншага боку, рэлігійная свабода прыцягвае інвестараў. “Краіны, у якіх яе паважаюць, лічацца менш рызыкоўнымі”, - заўважыў Дзяржсакратар Злучаных Штатаў.

24 ліпеня 2018, 13:11