Святы Пасад у Савеце Бяспекі пра барацьбу з тэрарызмам
Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый падкрэсліў, што ўрады краін маюць патрэбу ў дапамозе ў барацьбе супраць распаўсюджвання ідэалогіі тэрарызму і ў прадухіленні экстрэмізму. Гэтая дапамога павінна выходзіць за рамкі традыцыйнага аналізу пытанняў міру і бяспекі і больш карыстацца ААН-аўскімі экспертызамі па пытаннях правоў чалавека, развіцця і адукацыі. Толькі ў гэтым выпадку Бюро па барацьбе з тэрарызмам можа дзейнічаць эфектыўна, сказаў арцыбіскуп Бернардзіта Ауса.
Ватыканскі дыпламат таксама адзначыў, што адсутнасць увагі да парушэння правоў чалавека ў асобных краінах і ігнараванне вяршэнства закона спрыяе падтрымцы тэрарыстычных груп. Таму Святы Пасад заклікае ААН узмацніць супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю краін, выкарыстання адпаведных інструментаў дапамогі, каб абараніць яе ад радыкалізацыі і заручыцца падтрымкай у барацьбе з гэтай праблемай.
Іерарх таксама адзначыў прыхільнасць Святога Пасаду дыялогу з іншымі рэлігіямі і супольнасцямі, што дапамагае прадухіліць празмерную радыкалізацыю і насілле.