Гомельскі "Карытас" пачаў будаваць унікальны цэнтр для няпоўнаспраўных
Заказчыкам унікальнага для Беларусі праекту з’яўляецца Дабрачынная каталіцкая місія “Карытас-Міласэрнасць”.
У вёсцы-інтэрнаце з’явіцца вялікі двухпавярховы будынак Інтэгратыўнага тэрапеўтычна-адукацыйнага цэнтра. Тут будзе ўсё неабходнае абсталяванне для працы з дзецьмі-інвалідамі і маладымі інвалідамі. У адным месцы размесцяцца ўсе спецыялісты, дзеці і маладыя інваліды, а таксама іх бацькі, якія таксама будуць атрымліваць адукацыйную дапамогу – як клапаціцца пра такіх дзяцей у сваіх дамах, сем’ях.
Пра адметнасці новага цэнтра распавёў Беларускай рэдакцыі “Vatican News” дырэктар “Карытас-Міласэрнасць” кс. Юры Варанко: “Безумоўна, у краіне існуюць разнастайныя формы працы з інвалідамі, але так, каб у адным месцы, адразу і на такім узроўні – гэта будзе штосьці новае для Беларусі. Будаўніцтва ўжо актыўна вядзецца, і дзякуй Богу за гэта! Спадзяемся, што такімі ж тэмпамі ўсё будзе ісці далей, і мы скончым у той час, які запланавалі”.
Плануецца, што будова завершыцца да 2021 г. Фінансаванне цяпер вядзецца, дзякуючы розным замежным каталіцкім фондам, аднак у Гомелі надалей шукаюць тых, хто мог бы падтрымаць гэты важны сацыяльны праект.
Кс. Юрый цешыцца тым, што шмат прыватных асоб з Беларусі даведаліся пра акцыю па збору сродкаў, якая вядзецца і цяпер, і пералічваюць ахвяраванні: “Гэта зусім невялікі працэнт ад патрэбнай сумы, але гледзячы на тое, як людзі адрываюць ад сябе апошнія сродкі, разумею, што гэта не так мала, як магло б здавацца. Колькасць ахвяраванняў з Беларусі пераўзыйшла мае чаканні. Спадзяюся, што будуць і больш сур’ёзныя ахвяраванні ад нашых устаноў, прадпрыемстваў”, - спадзяецца святар.
Рэалізацыя праекту з’яўляецца працягам развіцця новай мадэлі, робіць унёсак у сацыяльную інтэграцыю і інклюзію дзяцей, маладых і дарослых з множнымі абмежаваннямі ў Гомелі і Гомельскай вобласці. Праект накіраваны перш за ўсё на паляпшэнне якасці жыцця, умоў развіцця і адукацыі, а таксама атрымання якаснай рэабілітацыі і кансультавання, як дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з “Дзіцячай вёскі”, так і людзей з інваліднасцю, якія пражываюць у сем’ях. Важна тое, што бацькі і сваякі людзей з інваліднасцю змогуць знайсці тут падтрымку, дапамогу ў даглядзе і абслугоўванні, а таксама неабходную кансультацыю.
Інтэгратыўны цэнтр таксама паспрыяе паляпшэнню эканамічнага становішча сем’яў, у якіх жывуць людзі з інваліднасцю дзякуючы таму, што бацькі змогуць больш часу надаваць сваёй працы. У цэнтры будуць пастаянна працаваць група ранняга развіцця, школа, майстэрні, будзе весціся праца з бацькамі і тэрапія.
Нагадаем, “Дзіцячая вёска” з'явілася ў Навабеліцкім раёне Гомеля ў 2011 г. Комплекс пабудавала і абсталявала ўсім неабходным Дабрачынная каталіцкая Місія “Карытас-Міласэрнасць” на грошы замежных дабрачынных арганізацый і прыватных ахвярадаўцаў з Германіі, Аўстрыі, Італіі і іншых еўрапейскіх дзяржаў. Потым на гэтай базе ў цесным супрацоўніцтве з абласным камітэтам па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне насельніцтва быў створаны “Гомельскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця”, фінансаванне якога дзяржава ўзяла на сябе.