Пошук

Санктуарый у Лурд Санктуарый у Лурд 

Велагоншчыкі “Тур дэ Франс” наведаюць Лурд

19-ы этап “Тур дэ Франс” стартуе з Лурда. 27 ліпеня 2018 г. велагоншчыкі прымуць удзел у супольнай малітве з пілігрымамі і атрымаюць адмысловае благаслаўленне.

Сусветна вядомая велагонка адзначае сёлета сваё 100-годдзе.

Веласіпедысты “Тур дэ Франс” наведаюць Лурд у юбілейны 160-ы год ад аб’яўленняў Маці Божай. З горада, размешчанага ля падножжа Пірэнеяў, яны распачнуць этап гонкі, прызнаны адным з самых маляўнічых. Пасля падарожжа ў 200,9 км. гоншчыкі сустрэнуцца на фінішы ў Ларун.

“Наша задача складаецца ў тым, каб забяспечыць пілігрымам і наведвальнікам магчымасць працягваць свае рэлігійныя практыкі, а таксама скарыстацца спадарожнымі мерапрыемствамі, якія прапануе “Тур дэ Франс”, - заявілі ў прэс-службе французскага санктуарыя. Вядома, што пілігрымы і велагоншчыкі запрошаны прыняць удзел у сумеснай вячэрняй працэсіі з ліхтарамі і марыйным набажэнстве напярэдадні гонкі, а 27 ліпеня – да ўдзелу ў св. Імшы, якую ўзначаліць мясцовы біскуп Нікаля Брувэ, які ўдзеліць адмысловае благаслаўленне спартсменам.

“Тур дэ Франс” ужо ў чацвёрты раз будзе госцем марыйнага санктуарыя ў Лурд. Упершыню гоншчыкі прыехалі сюды 70 гадоў таму, а пераможцам этапу быў Джыра Барталі, які, у знак падзякі, усклаў кветкі да статуі Маці Божай. У апошні раз Лурд стаў мэтай аднаго з этапаў велагонкі ў 2011 г.; перамогу на ім святкаваў нарвежскі веласіпедыст Тур Хусховд.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 ліпеня 2018, 16:30