Андрэа Бачэлі для “Vatican News”: усе таленты ў свеце – дар Божы
Сусветна вядомы тэнар будзе спяваць 25 жніўня 2018 г. для шматтысячнай аўдыторыі ўдзельнікаў Сусветнай сустрэчы сем’яў з больш чым 100 краін свету. Ён ужо прымаў удзел у папярэднім форуме ў Філадэльфіі, у верасні 2015 г.
“Па-першае, гэта гонар, удзельнічаць у такой высакароднай ініцыятыве, а па-другое, гэта прывілей спяваць перад Святым Айцом. (...) Акрамя таго, гэта таксама адказнасць, паколькі такія мерапрыемствы даюць магчымасць паведаміць аб нечым, (...) і неабходна, каб гэтыя паведамленні былі правільнымі. Таму я буду, як заўсёды, рыхтавацца, даючы ад сябе самае лепшае, і спадзявацца, што ўсё пойдзе добра, што сем’і вернуцца дадому з прыгожай памяццю пра гэты музычны момант”, - сказаў оперны спявак.
Бачэлі прызнаўся, што на такога роду мерапрыемствах, выходзячы на сцэну, ён адчувае, што робіць “паслугу за паслугу”: калі творцу ўдаецца даць лепшае ад сябе, публіка адказвае яму тым жа. У Дубліне ён спадзяецца адчуць гэта.
, - заўважыў Андрэа Бачэлі.
"Спеў, у сваёй абмежаванасці, напэўна, выконвае тут сваю частку работы. Св. Аўгустын сказаў, што “той, хто спявае, моліцца двойчы”. Мне вельмі прыемна ў гэта верыць, таму што, калі гэта праўда, то я ў сваім жыцці шмат маліўся”, - дадаў ён.
Славуты тэнар не сумняваецца, – “спевы, голас, як і ўсе таленты ў свеце, гэта дар Божы”, а ўсё, чаго можна дасягнуць у жыцці, адбываецца праз дары і таленты, атрыманыя звыш. Калі гэта зразумець, не застаецца падстаў для ганарыстасці. “Мы павінны дзякаваць і толькі”, - перакананы спявак.
Ён лічыць, што “вера – гэта падарожжа, якое робіцца ў спробе зразумець, спасцігнуць сэнс жыцця”, а “свет можа быць выключна вынікам разумнай волі, значна больш разумнай, чым наша”, і “гэта воля любові, воля, якая любіць па-сапраўднаму”.
Для славутага тэнара існуе “два спосабы” веры: хрысціянскі, калі на Бога ўскладаецца ўся магчымая надзея і давер, і “атэлаўскі”, калі Бог успрымаецца, як нехта жорсткі, які стварае чалавека такім жа. “Можна верыць і так. Але гэта заўсёды больш лагічна, чым не верыць!”, - заключыў ён.
Андрэа Бачэлі выступіць 25 жніўня 2018 г. падчас “Свята сем’яў” на стадыёне “Croke Park” у Дубліне ў рамках Сусветнай сустрэчы сем’яў. Да яго далучацца таксама: знакаміты ірландскі вакальна-танцавальны ансамбль “Riverdance”, а таксама выбітны ірландскі флейтыст Джэймс Голуэй. У святочным мерапрыемстве прыме ўдзел папа Францішак, які выступіць з прамовай перад сем’ямі з усяго свету.