Святы Айцец выказаў салідарнасць з жыхарамі індыйскай Кералы
Па меншай меры 324 чалавекі загінулі ў выніку паводкі, якую мясцовыя ўлады называюць самай буйной за апошнія 100 гадоў.
“У апошні час жыхары штата Керала сур’ёзна пацярпелі ад моцных дажджоў, якія выклікалі паводкі і апоўзні і прывялі да смяротных ахвяр і шматлікіх зніклых; былі эвакуіраваны людзі, нанесена шкода сельскагаспадарчым угоддзям і дамам”, - звярнуў увагу Францішак 19 жніўня 2018 г., падчас сустрэчы з вернікамі на “Анёл Панскі”.
Папа заклікаў да “салідарнасці і канкрэтнай падтрымкі з боку міжнароднай супольнасці”. Ён заўважыў, што “Касцёл у штаце Керала знаходзіцца на пярэднім краі дапамогі насельніцтву”, і заклікаў сабраных на плошчы св. Пятра да супольнай малітвы за тых, “хто страціў сваё жыццё і за ўсіх людзей, якія пакутуюць ад гэтага вялікага бедства”.
Сезон дажджоў пачаўся ў Індыі ў чэрвені, але колькасць ахвяр рэзка вырасла менавіта ў апошнія 24 гадзіны. Ратавальнікі змагаюцца з наступствамі ліўневых дажджоў, якія пакінулі без прытулку больш за 200 тыс. чалавек. Затопленыя аўтамабільныя і чыгуначныя дарогі. Ад паводкі пацярпелі плантацыі гарбаты і кавы. Школы ва ўсіх 14 раёнах Кералы закрытыя.