Пошук

Сенат - верхняя палата Нацыянальнага кангрэса Аргентыны Сенат - верхняя палата Нацыянальнага кангрэса Аргентыны  (AFP or licensors)

Святы Пасад пра “антыабартыўнае” рашэнне аргентынскага Сената

“Мы ўсе павінны працаваць на карысць жыцця, для падтрымкі і суправаджэння тых, хто жыве ў драматычнай сітуацыі”, - сказаў старшыня Папскай акадэміі жыцця.

Так арцыбіскуп Вінчэнца Палья пракаментаваў рашэнне аргентынскага Сената па адхіленні законапраекту аб легалізацыі абортаў.

Значную ролю адыграў голас мясцовага Касцёла. Многія іерархі звярнуліся да палітыкаў, у розных гарадах краіны праводзіліся набажэнствы ў інтэнцыі жыцця, гучалі заклікі да падтрымкі адзінокіх маці, якія чакаюць патомства.

Па словах ватыканскага іерарха, для барацьбы з бедствам падпольнага перапынення цяжарнасці фундаментальным з’яўляецца крэатыўнае і поўнае любові стаўленне. Ён заўважыў, што адхіленне “абартыўнага” законапраекту, гэта павага да волі грамадства, якое выступае супраць легалізацыі абортаў.

Тое, што адбылося, гэта не толькі падстава для радасці, але і нагода да яшчэ большага сведчання блізкасці жанчынам і дзяўчатам, асабліва бедным, якія прымаюць кардынальныя жыццёвыя рашэнні.

“[Вось чаму я лічу, што задача Касцёла складаецца ва ўзмацненні стаўлення любові, блізкасці, дапамогі, паколькі рашыцца на аборт – гэта заўсёды трагедыя]”

, - сказаў арцыбіскуп Палья ў інтэрв’ю “Vatican News”.


Ватыканскі іерарх прывёў у прыклад Маці Тэрэзу, якая заўсёды казала дзяўчатам, якія хацелі пазбавіцца сваіх дзяцей: “Не хвалюйцеся, я вазьму вашага сын. Я вылечу яго. Я буду яго сям’ёй. Вы, калі захочаце, можаце заўсёды прыйсці, заўсёды застаецца”. Арцыбіскуп назваў такое стаўленне “канкрэтным адказам для прадухілення аборту”.

Могуць быць і іншыя формы, іншыя ініцыятывы для дапамогі жанчынам, якія хочуць зрабіць аборт. Асабліва, калі гаворка ідзе пра замежніц, часта разгубленых і пазбаўленых дапамогі ў чужой краіне. Калі яны знойдуць таго, хто іх прыме і падтрымае, не пойдуць на такое, заўважыў іерарх.

“[Мы павінны працаваць над суправаджэннем тых, хто жыве ў драматычнай сітуацыі, каб такое рашэнне было адменена, мы павінны жыць больш салідарным чынам, асабліва з усімі гэтымі жанчынамі]”

, - дадаў старшыня Папскай акадэміі жыцця.

Касцёл павінен выкарыстоўваць свой патэнцыял для дапамогі тым, хто найбольш уразлівы, хто мае праблемы, і асабліва тым, хто адзінае выйсце бачыць у падпольным аборце, што з’яўляецца велізарнай чумой, якая павінна быць пераможана. І адзін закон тут не справіцца, патрэбна свядомасць і салідарнасць, заявіў старшыня Папскай акадэміі жыцця, каментуючы рашэнне аргентынскага Сената.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 жніўня 2018, 12:35