Святы Айцец сустрэўся з Прэзідэнтам Албаніі
17 верасня 2018 г. Папа прыняў у Ватыкане Прэзідэнта Рэспублікі Албанія Іліра Мету. Пасля сустрэчы з Пантыфікам, палітык правёў размову з кардыналам Пьетра Паралінам, Дзяржсакратаром Яго Святасці.
Падчас перамоў былі адзначаны станоўчыя адносіны паміж Албаніяй і Святым Пасадам, а таксама ўклад мясцовага Каталіцкага Касцёла на карысць албанскага грамадства, асабліва моладзі. Былі абмеркаваны пытанні, якія ўяўляюць узаемны інтарэс, у тым ліку важнасць пашырэння рэлігійнай свабоды і мірнага суіснавання, міжрэлігійнага і міжкультурнага дыялогу.
Гаворка ішла таксама пра працэс інтэграцыі Албаніі ў ЕС. Былі разгледжаны некаторыя пытанні, якія тычацца сітуацыі на міжнароднай арэне, у прыватнасці, на Заходніх Балканах.
17 верасня 2018, 12:51