Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад катэгарычна асуджае насілле супраць жанчын

У наш час, калі рабства ўспрымаецца як трагічны ўспамін мінулага, існуе больш нявольнікаў, чым калі-небудзь раней, заўважыў Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы ў ААН.

Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса выступіў на пасяджэнні, прысвечаным правам жанчын, якое прайшло ў Нью-Ёрку ў рамках 73-й сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Ён заўважыў, што большасць ахвяр гандлю людзьмі складаюць жанчыны і заклікаў міжнародную супольнасць прыкласці ўсе намаганні да барацьбы з гэтай з’явай.

Святы Пасад катэгарычна асуджае ўсялякія праявы насілля ў адносінах да жанчын, а таксама шкодныя стэрэатыпы, якія яго апраўдваюць, падкрэсліў дыпламат.

Іерарх нагадаў, што вялікая колькасць маладых жанчын і дзяўчат, якія сталі ахвярамі гандлю людзьмі, трапляе на вуліцы гарадоў, бо мужчыны чакаюць ад іх сексуальных паслуг. “Мы маем абавязак абараніць справядлівасць і выкараніць гэту практыку, для чаго неабходна навяртанне сэрцаў, ліквідацыя попыту і рынку паслуг”, - сказаў ён.

Прадстаўнік Святога Пасаду пры ААН зазначыў, што насілле ў адносінах да жанчын не можа лічыцца нечым нармальным. У многіх краінах беспакаранымі застаюцца акты хатняга насілля, ахвярамі якіх, пераважна з’яўляюцца жанчыны, заўважыў арцыбіскуп. На яго думку ёсць патрэба ў інфармацыйных кампаніях, накіраваных супраць фізічнага, вербальнага і “лічбавага” насілля ў адносінах да жанчын.

“Маскулінізаваная культура” не можа быць сляпой да ролі, якую адыгрываюць жанчыны ў жыцці грамадства. “Жанчыны заслугоўваюць большай любові і ўдзячнасці, бо ратуюць нас ад “культуры адчужэння”, - сказаў Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры ААН.

Навіна ў фармаце аўдыё
30 кастрычніка 2018, 11:07