Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса 

Святы Пасад супраць гонкі ўзбраенняў у космасе

Гонку ўзбраенняў у космасе магчыма спыніць, калі ўся дзейнасць тут будзе ажыцяўляцца ў духу супрацоўніцтва і ўзаемнага даверу, падкрэсліў Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры ААН.

Кіраўнік ватыканскай дэлегацыі на 73-й сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, арцыбіскуп Бернардзіта Ауса, прыняў удзел у дэбатах, прысвечаных прадухіленню гонкі ўзбраенняў у касмічнай прасторы. Ён адзначыў важнасць транспарэнтнасці і даверу паміж краінамі, а таксама сумеснай працы па асваенні космасу, мэта якой не павінна быць ваеннай.

Паводле прадстаўніка Святога Пасаду, дзейнасць у касмічнай прасторы павінна быць скіравана на ўмацаванне бяспекі, даследванняў і развіцця новых тэхналогій, без суперніцтва паміж дзяржавамі, якое падштрухоўвае да гонкі ўзбраенняў. Для гэтага неабходны ўзаемны давер, які стане магчымым, калі ўсе даследванні будуць транспарэтнымі.

У гэтым кантэсце арцыбіскуп Ауса запэўніў Камісію па разбраенні ААН, якая пачала працу над Мерамі па забеспячэнні транспарэнтнасці і ўмацавання даверу ў касмічнай дзейнасці, у падтрымцы з боку Апостальскай Сталіцы. Яны “не замяняюць іншыя ініцыятывы, якія маюць юрыдычную сілу і рэгулююць дзейнасць у космасе дзеля ўмацавання стабільнасці і міру ў свеце, але могуць аказаць значную падтрымку гэтай мэце”, дадаў іерарх.

Ён падкрэсліў, што транспарэнтнасць можа быць дасягнута дзякуючы маніторынгу, які будуць праводзіць незалежныя міжнародныя ўстановы. У сувязі з гэтым ватыканскі дыпламат нагадаў пра ідэю стварэння адпаведнай арганізацыі, якая б збірала і распаўсюджвала інфармацыю пра аб’екты, што адпраўляюцца ў космас, а таксама пра месцы адкуль яны запускаюцца. Падобная прапанова абмяркоўвалася ў ААН каля 50 гадоў таму.

Яшчэ адной эфектыўнай мерай, накіраванай на спыненне гонкі ўзбраенняў у касмічнай прасторы, паводле арцыбіскупа Аусы, з’яўляецца строгае рэгуляванне дзейнасці, якая тычыцца выпрабавання балістычных ракет і сродкаў супрацьракетнай абароны. Неабходна дамова, якая б абавязвала краіны не праводзіць выпрабаванні падобных сістэм супраць спадарожнікаў і іншых касмічных аб’ектаў. Гэта, на думку іерарха, паспрыяе ўмацаванню даверу паміж дзяржавамі.

Навіна ў фармаце аўдыё
26 кастрычніка 2018, 12:30