Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: патрэбна салідарнасць у кіраванні воднымі рэсурсамі

Апостальская Сталіца нагадала, што доступ да вады – гэта фундаментальнае і ўсеагульнае права чалавека, якое павінна гарантавацца ў салідарнасці і супрацоўніцтве ўсёй міжнароднай супольнасці.

13 снежня 2018 г. у Мадрыдзе пад эгідай ААН прайшоў семінар на тэму “Вада, сельская гаспадарка і харчаванне: мы будуем заўтра”. Святы Пасад на ім прадстаўляў Пастаянны назіральнік пры Харчовай і сельскагадаспадарчай арганізацыі, Міжнародным фондзе сельскагаспадарчага развіцця і Cусветнай харчовай праграме, мансеньёр Фэрнанда Кіка Арэлана. Адмысловае пасланне да ўдзельнікаў форума скіраваў Папа.

У сваім выступленні ватыканскі дыпламат зазначыў, што для гарантавання права доступу да вады неабходна дэцэнтралізацыя адказнасці, а таксама перанос рэсурсаў і здольнасцяў да кампетэнтных палітычных уладаў на месцах. Неабходна распрацаваць “ясную і выразную нарматыўную базу, якая размяркуе адказнасці і дапаможа пазбегнуць неэфектыўнасці, стратаў і марнавання”.

Каб вырашэнне праблемы было па-сапраўднаму ўстойлівым, трэба рашуча спрыяць гэтаму новаму падыходу, “бяручы пад увагу розныя спецыфічныя патрабаванні”. Кожнае грамадства мае свае праблемы, звязаныя з недахопам вады, што можа быць абумоўлена кліматычнымі зменамі, дрэнным кіраваннем ці празмернай лібералізацыяй паслуг у воднай сферы. “Не існуе рашэння, якое будзе аднолькава падыходзіць для ўсіх выпадкаў”, - заўважыў прадстаўнік Святога Пасаду.

Мансеньёр Арэлана нагадаў, што з аднаго боку існуе “прамая і непасрэдная сувязь паміж доступам да вады і базавымі патрэбамі кожнага чалавека”, а з іншага “гэтаму прыроднаму рэсурсу надаецца таксама камерцыйная, эканамічная і палітычная важнасць”. Гэтыя два аспекты з’яўляюцца значнымі, але “эканамічны аспект павінен быць падпарадкаваны сацыяльным і індывідуальным аспектам”. Вада “павінна лічыцца сацыяльным і культурным багаццем, а не, галоўным чынам, эканамічным”.

“[Вада – гэта не проста рэсурс і таму яе нельга прыватызаваць, камерцыялізаваць ці аддаваць у поўнае распараджанне прыватных асобаў і рынкаў]”

, - агучыў пазіцыю Апостальскай Сталіцы дыпламат.

Прадстаўнік Святога Пасаду звярнуў увагу на тое, што вялікія водныя рэсурсы выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы. Улічваючы пастаянны рост колькасці насельніцтва планеты і патрэбу ў большай вытворчасці прадуктаў харчавання, будуць павялічвацца таксама аб’ёмы выкарыстання вады. Важна, каб гэта адбывалася экаўстойлівым чынам, дадаў святар.

Ён заўважыў, што павелічэнне аб’ёмаў выкарыстання водных рэсурсаў звязана таксама з хуткім развіццём урбанізацыі. Калі не прыняць неабходныя меры для змены актуальнай тэндэнцыі перасялення людзей з сельскіх рэгіёнаў, у 2050 г. у гарадах будзе пражываць 66% насельніцтва планеты. Гэта дэмаграфічная змена пагражае ўжо складанай сітуацыі з кіраваннем воднымі рэсурсамі.

Апостальская Сталіца заклікае да міжнароднай салідарнасці, новых форм супрацоўніцтва, абмену інфармацыяй, тэхнічным персаналам і спецыфічнымі стратэгіямі, “каб ніхто не застаўся ззаду”. Калі міжнародная салідарнасць не будзе ўмацоўвацца, будзе пашырацца абыякавасць, ізаляванасць і ўвага выключна да ўнутраных праблем, папярэдзіў ватыканскі дыпламат.

Навіна ў фармаце аўдыё
15 снежня 2018, 09:53