Манеты з фантана Трэві больш не дапамогуць Caritas
Гэта адзін з самых наведвальных і самых вядомых помнікаў Рыма. Многія турысты, якія прыходзяць сюды, кідаюць у ваду манеты, што павінна забяспечыць іх вяртанне ў Рым. Манеты рэгулярна “вылоўліваюць” супрацоўнікі кампаніі, адказнай за ўтрыманне гарадскіх фантанаў. З 2001 г., незалежна ад палітычных настрояў, грошы служылі фінансавай падтрымкай Caritas Рымскай дыяцэзіі. У 2018 г. сума склала крыху больш за 1,5 мільёна еўра.
З 1 красавіка адна частка грошай будзе трапляць названай кампаніі, якая клапоціцца аб фантанах, другая будзе выкарыстана для падтрымання добрага стану помнікаў і для фінансавання “іншых сацыяльных праектаў”. Гэта рашэнне гарадскіх уладаў азначае закрыццё многіх дабрачынных ініцыятыў, якія служаць самым бедным у італьянскай сталіцы.
70% сродкаў, якія знаходзяцца ў распараджэнні рымскай Caritas, паступаюць з акцый па зборы ахвяраванняў, 15% – гэта фінансаванне ад італьянскай біскупскай канферэнцыі, астатнія 15% паходзілі менавіта з фантана Трэві.