Пантыфік асудзіў напад на каталіцкую катэдру на Філіпінах
Папа асудзіў напад на каталіцкую катэдру ў Холо на Філіпінах. Гэта адбылося 27 студзеня 2019 г. падчас малітвы “Анёл Панскі” ў Хуан Дыяс, прыгарадзе сталіцы Панамы.
Францішак сказаў, што гэта быў тэракт. Ён моліцца за “мірнае суіснаванне” ў гэтым філіпінскім рэгіёне.
У выніку выбуху ў каталіцкім храме на архіпелагу Сулу ў паўднёвай частцы Філіпін загінулі па меншай меры 27 чалавек і паранены 77. У нядзелю раніцай невядомыя кінулі запальную бомбу ў вернікаў, якія чакалі пачатку Эўхарыстыі. Праз некалькі імгненняў на стаянцы перад касцёлам прагучаў другі выбух.
Тэракт адбыўся менш, чым праз тыдзень пасля рэферэндуму аб аўтаноміі на размешчаным па суседстве філіпінскім востраве Мінданао. Паводле мясцовых уладаў, правядзенне галасавання было заклікана пакласці канец вылазкам сепаратыстаў, якія на працягу 40 гадоў дамагаюцца аддзялення Мінданао ад Філіпін і стварэння на востраве ісламскай дзяржавы.
29 студзеня 2019, 14:06