Пошук

Падчас падпісання Дэкларацыі аб братэрстве паміж людзьмі Падчас падпісання Дэкларацыі аб братэрстве паміж людзьмі 

Дакумент, падпісаны Папам і Імамам будуць вывучаць у школах ААЭ

Каталіцка-мусульманская Дэкларацыя аб братэрстве паміж людзьмі, падпісаная ў Абу-Дабі Папам і Вялікім імамам Аль-Азхар, будзе часткай вучэбнай праграмы ў школах і ўніверсітэтах Арабскіх Эміратаў.

Аб гэтым заявіў шэйх Абдула бэн Заід, Міністр замежных спраў краіны, падчас сусветнага ўрадавага саміта – VII World Government Summit.

На думку экспертаў, гэта дэманструе важнасць, якую ўлады краіны надаюць нядаўняму візіту Пантыфіка і дакументу, падпісанаму 4 лютага 2019 г. у прысутнасці сотняў прадстаўнікоў аўраамічных монатэістычных рэлігій.

Францішак наведаў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты 3-5 лютага 2019 г. З вялікім імамам суніцкага ўніверсітэта Аль-Азхар у Каіры Ахмедам эль Таебам ён падпісаў Дэкларацыю аб братэрстве паміж людзьмі, міры ў свеце і агульным суіснаванні.

У дакуменце падкрэсліваецца, у прыватнасці, што вера ў Бога вядзе чалавека да ўспрымання іншага, як брата, якога трэба падтрымліваць і любіць. Пантыфік і Імам заклікалі рэлігійных, палітычных і эканамічных лідараў сур’ёзна заняцца распаўсюджваннем культуры талерантнасці, узаемнага суіснавання і міру, пакласці канец войнам, канфліктам, дэградацыі навакольнага асяроддзя і культурнаму і маральнаму заняпаду. Яны катэгарычна заявілі, што рэлігіі ніколі не падбухторваюць да вайны і не выкарыстоўваюць нянавісці, варожасці, экстрэмізму, гвалту і кровапраліцця. Гэта ўсё з’яўляецца вынікам скажэння рэлігійнага вучэння і палітычнага выкарыстання рэлігіі.

У Дэкларацыі падкрэсліваецца, што свабода з’яўляецца правам кожнага чалавека, а плюралізм і разнастайнасць рэлігіі, расы, мовы... – гэта мудрая воля Бога, з чаго вынікае права на рэлігійную свабоду. Таму трэба лічыць заганным змушэнне людзей належаць да нейкай рэлігіі ці культуры, а таксама навязванне якога-небудзь цывілізацыйнага стылю.

12 лютага 2019, 10:16