Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: клопат пра сем’і – інвестыцыя ў будучыню

Ініцыятывы на карысць мацярынства і сям’і з’яўляюцца інвестыцыяй у будучыню, падкрэсліў Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры структурах ААН у Нью-Ёрку.

Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса прыняў удзел у 57-й сесіі Камісіі па сацыяльным развіцці Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, якая была прысвечана барацьбе з няроўнасцю.

Гэта з'ява пагражае мірнаму суіснаванню і даверу да сацыяльна-палітычных сістэм, выклікаючы падзел паміж тымі, хто кіруе і грамадзянамі, ствараючы небяспеку і няўпэўненасць у будучыні, асабліва ў моладзі, над якой знаходзіцца пагроза беспрацоўя, заўважыў дыпламат.

Спасылаючыся на нядаўні зварот Святога Айца да дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры Апостальскай Сталіцы, іерарх падкрэсліў, што паколькі моладзь з’яўляецца будучыняй чалавецтва, неабходна “адкрыць дарогі” перад ёй, каб “новыя пакаленні маглі будаваць сваю будучыню, з магчымасцю знаходзіць працу, ствараць сям’ю, расціць дзяцей”.

Арцыбіскуп Ауса нагадаў, што Апостальская Сталіца глядзіць на “якасную інклюзіўную адукацыю”, асабліва дзяцей і моладзі, якія знаходзяцца ў нястачы, як на “фундаментальную прыладу, каб перамагчы няроўнасць і як на моцны каталізатар больш дынамічнай і справядлівай грамадска-эканамічнай мабільнасці”.

Інвеставаць у будучыню моладзі, таксама значыць “інвеставаць у сем’і”, падкрэсліў ватыканскі дыпламат. Умацаванне сям’і – гэта, напэўна, самая эфектыўная палітыка сацыяльнай абароны, бо моцная сям’я стварае трывалую сетку сацыяльная бяспекі, дадаў ён.

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў ААН заклікаў да ініцыятыў на карысць мацярынства і сям’і, падатковай палітыцы, спрыяльнай для сем’яў, адпаведных праграм сацыяльнай абароны. Усё гэта стане “інвестыцыяй” у падтрымку будучых пакаленняў і клопатам пра самых безабаронных членаў грамадства, падкрэсліў іерарх.

Арцыбіскуп Ауса звярнуў увагу на фундаментальнае значэнне прызнання “вялікага ўнёску” жанчын у развіццё. Ён выказаў пажаданне, каб умацоўвалася роўнасць паміж жанчынамі і мужчынамі, якая ўключае “раўназначную аплату працы, аднолькавыя магчымасці для кар’ернага росту, абарону мацярынства”.

Напрыканцы прамовы ватыканскі дыпламат нагадаў словы, якія Францішак прамовіў падчас Сусветных дзён моладзі ў Панаме: “Іншы свет - магчымы”, заклікаючы няспынна бараніць справядлівасць, салідарнасць, агульнае дабра, а таксама годнасць кожнага чалавека.

Навіна ў фармаце аўдыё
16 лютага 2019, 11:41