Папа спачувае пасля нападаў на мячэці ў Новай Зеландыі
Папа праз кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна накіраваў тэлеграму са спачуваннямі пасля нападаў на дзве мячэці ў Крайстчэрч у Новай Зеландыі, у выніку якіх жыццё страцілі дзясяткі чалавек.
“Яго Святасць Францішак з глыбокім смуткам успрыняў навіну аб раненнях і страце жыцця, выкліканых бессэнсоўнымі актамі насілля ў двух мячэцях у Крайстчэрч. Ён запэўнівае ўсіх новазеландцаў, а ў прыватнасці мусульманскую супольнасць, у сваёй шчырай салідарнасці перад абліччам гэтых нападаў”, - гаворыцца ў спачувальнай тэлеграме.
Пантыфік паабяцаў маліцца за вылячэнне параненых, суцяшэнне для тых, хто смуткуе з прычыны страты сваіх блізкіх, а таксама за ўсіх пацярпелых у выніку нападаў.
15 сакавіка 2019 г. у двух мячэцях новазеландскага горада Крайстчэрч адкрылі стральбу па вернікам. Загінулі, па апошніх дадзеных паліцыі, 49 чалавек, некалькі дзясяткаў атрымалі раненні.
15 сакавіка 2019, 16:22