Пошук

Сабор Аляксандра Неўскага ў Сафіі. Ілюстрацыйнае фота Сабор Аляксандра Неўскага ў Сафіі. Ілюстрацыйнае фота 

Абмежаваная прысутнасць праваслаўных Балгарыі падчас візіту Папы

Балгарскі праваслаўны епіскапат абвясціў 3 красавіка 2019 г., што не возьме ўдзелу ў мерапрыемствах падчас знаходжання Францішка ў Балгарыі на пачатку мая.

Гэта інфармацыя была змешчана ў адказе на ліст Апостальскага нунцыя ў гэтай краіне, арцыбіскупа Анзэльма Гвіда Пэкарары, які даслаў праект праграмы візіту Францішка. Пантыфіка запрасілі ў краіну дзяржаўныя органы, і яны нясуць адказнасць за гэтую падзею, напісалі праваслаўныя іерархі.

З ліста епіскапаў вынікае, што яны не будуць удзельнічаць у мерапрыемствах з госцем з Ватыкана. Выключэннем стане сустрэча Папы з Патрыярхам Неафітам і Святым Сінодам у будынку Патрыярхіі 5 мая і суправаджэнне яго падчас візіту ў сталічны сабор. Але там епіскапы не апрануць літургічнага адзення, не будуць маліцца разам са Святым Айцом; не будзе спяваць кафедральны хор.

Сінод таксама не дазволіў духавенству Балгарскай Праваслаўнай Царквы прыняць удзел у малітоўным сходзе на карысць міра, запланаваным на сталічнай плошчы Незалежнасці з удзелам прадстаўнікоў усіх канфесій і рэлігій, якія прысутнічаюць у Балгарыі. Мэта ініцыятывы складаецца ў тым, каб паказаць Балгарыю ў якасці прыклада мірнага суіснавання і супрацоўніцтва людзей розных рэлігій. Праваслаўным святарам не дазволена таксама прысутнічаць на любых іншых мерапрыемствах у рамках візіту Францішка.

Падчас свайго знаходжання ў Балгарыі 5-7 мая 2019 г. Папа плануе сустрэцца, сярод іншага, з Прэзідэнтам, Прэм’ерам, членамі ўрада і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці краіны, з мясцовымі вернікамі, для якіх адправіць св. Імшу., з прадстаўнікамі іншых канфесій, а таксама бежанцамі. Ён наведае Сафію і, размешчаны ў паўднёвай частцы краіны, Ракаўскі, дзе пражывае самая вялікая каталіцкая суполка. Пілігрымка будзе праходзіць пад дэвізам “Мір на зямлі”.

04 красавіка 2019, 14:40