Святы Пасад у ААН пра гуманітарную сітуацыю ў Палестыне
Аб гэтым 29 красавіка 2019 г. казаў прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН падчас адкрытых дэбатаў у Савеце Бяспекі па сітуацыі на Блізкім Усходзе і так званым палестынскім пытанні.
Паводле арцыбіскупа Бернардзіта Аусы, фарміраванне новага палестынскага ўрада з’яўляецца “пробліскам надзеі на фоне ценю адчаю, што вельмі доўга характарызаваў ізраільска-палестынскі канфлікт”.
“Сапраўды, адзінства мае важнае значэнне для палітычна стабільнай і эканамічна жыццяздольнай Палестыны. У сувязі з гэтым Святы Пасад высока ацэньвае нястомныя намаганні суседніх краін для наладжвання перамоў з рознымі палестынскімі групоўкамі і садзейнічання дыялогу паміж імі”, - сказаў іерарх. Ён заклікаў і ізраільскі, і палестынскі бакі разарваць спіраль насілля і ўстрымацца ад аднабаковых дзеянняў.
На думку ватыканскага дыпламата, змена ідэнтычнасці Іерусаліма і яго статус-кво аказвае “патэнцыйна шкоднае ўздзеянне на мір і стабільнасць у рэгіёне”.
Арцыбіскуп Ауса завяршыў сваё выступленне спасылкай на на нядаўні сумесны зварот папы Францішка і караля Марока Мухамеда VI аб важнасці захавання Святога Гораду ў якасці агульнай спадчыны чалавецтва і трох монатэістычных рэлігій, месца сустрэчы і сімвалу мірнага суіснавання, дзе можна культываваць узаемную павагу і дыялог.