Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Вялікдзень на плошчы св. Пятра: кветкавы падарунак з Нідэрландаў

У Велікодную нядзелю плошча св. Пятра ў Ватыкане ператворыцца ў сапраўдны квітнеючы сад: амаль 58 тыс. кветак, дэкаратыўных раслін і дрэўцаў упрыгожаць прастору перад базылікай.

Традыцыйны кветкавы падарунак з Нідэрландаў з нагоды Велікодных святаў Пантыфік атрымае ўжо ў трыццаць трэці раз, паведамляецца ў адпаведным прэс-рэлізе.

Кветкавае ўбранне плошчы – вынік працы каманды галандскіх фларыстаў з 30 чалавек. Непасрэднаму ажыццяўленню дызайн-праекта на пляцоўцы перад ватыканскай святыняй папярэднічаюць падрыхтоўчыя работы, якія пачынаюцца ўжо восенню: распрацоўваюцца і зацвярджаюцца макеты кампазіцый, адбіраюцца найбольш прыгожыя і прыдатныя кветкі і расліны.

У аўторак перад Велікоднай нядзеляй транспарт, нагружаны 30-цю тонамі кветак, адпраўляецца з Нідэрландаў, каб у Вялікі Чацвер прыбыць у Рым. На працягу двух наступных дзён плошча св. Пятра ў Ватыкане ператвараецца ў сапраўдны квітнеючы вясновы сад.

Навізной гэтага года стане багатае выкарыстанне ў фларыстычнай кампазіцыі стрэліцыі каралеўскай, шырока вядомай пад назвай “райская птушка”. Адметнасцю гэтай расліны родам з Паўднёвай Афрыкі з’яўляюцца кветкі насычанага аранжава-сіняга колеру.

Як і ў мінулыя гады, цэнтральнае месца ва ўбранні плошчы св. Пятра зоймуць сферычныя кампазіцыі з руж чайна-гібрыднага сорту “Аваланж” белага, ружовага і персікавага колераў. Яны будуць размешчаны пасярод дывана з 35 тыс. рознакаляровых кветак цюльпанаў, нарцысаў, гіяцынтаў і амарылісаў.

Перад базылікай можна будзе ўбачыць дзясяткі квітнеючых дрэваў, у тым ліку бярозы і вербы. Яны будуць утвараць зялёны фон, які падкрэсліць яркую палітру кветак на плошчы, дзе 21 красавіка 2019 г. збяруцца тысячы вернікаў, каб прыняць удзел у святочнай Эўхарыстыі з удзелам папы Францішка і атрымаць традыцыйнае благаслаўленне “Urbi et Orbi”.

Навіна ў фармаце аўдыё
19 красавіка 2019, 15:12