Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у ААН: тэракты ў Шры-Ланцы – не выпадковасць

Дыпламатычны прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН прыняў удзел у жалобным мерапрыемстве, на якім узгадалі ахвяр тэрактаў, што адбыліся ў Вялікдзень у Шры-Ланцы. Яно прайшло 3 мая 2019 г. у Нью-Ёрку.

Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса выказаў ад імя Святога Пасаду шчырыя спачуванні народу азіяцкай краіны і запэўніў у малітве за ахвяр і іх сем’і.

“У той дзень, калі хрысціяне адзначаюць сваю самую вялікую ўрачыстасць і святкуюць канчатковую перамогу жыцця над смерцю, дабра над злом, святла над цемрай, экстрэмісты кінулі чорную цень смерці, зла і цемры на цудоўную краіну Шры-Ланку і, сапраўды, на ўвесь зямны шар. Загінулі 211 шрыланкійцаў і 42 асобы з іншых 16 краін свету”, - сказаў іерарх. Ён нагадаў словы спачування Францішка, якія той прамовіў у Велікодную нядзелю перад благаслаўленнем “Urbi et Orbi”.

Арцыбіскуп Ауса звярнуў увагу, што сёння чалавецтва мае справу з агідным, неапраўданым, бесчалавечным злачынствам тэрарызму, які з’яўляецца праявай экстрэмісцкага фундаменталізму і радыкалізму. І тут словы асуджэння не дастатковыя. Неабходна прыняць меры для ліквідацыі гэтага бедства карэнным чынам.

Тое, што адбылося ў Шры-Ланцы, не выпадковасць ці супадзенне, заўважыў ватыканскі дыпламат. Два каталіцкіх і адзін пратэстанцкі храмы былі ўзарваны наўмысна падчас набажэнстваў. Тут відавочны антыхрысціянскі аспект. Міжнародная супольнасць, што вельмі правільна, асуджае рост антыяўрэйскай і антымусульманскай нянавісці – той жа стандарт павінен ужывацца і адносна нападаў на хрысціян, падкрэсліў прадстаўнік Святога Пасаду.

Арцыбіскуп Ауса заўважыў, што тэракты – гэта заўсёды драматычна, але напады на вернікаў падчас набажэнства, што і адбылося ў Шры-Ланцы, з’яўляюцца самым ганебным і маладушным замахам на мір.

Навіна ў фармаце аўдыё
04 мая 2019, 11:23