Пошук

Ваенныя могілкі Кольвіль-сюр-Мэр. Ілюстрацыйнае фота Ваенныя могілкі Кольвіль-сюр-Мэр. Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал: еўрапейцы забыліся пра трагедыю Другой сусветнай вайны

Еўрапейцы ўжо забыліся пра абставіны, у якіх быў заснаваны Еўрапейскі Саюз, забыліся пра трагедыю Другой сусветнай вайны і рашэнне айцоў-заснавальнікаў вярнуцца да хрысціянскай ідэнтычнасці.

Сваім меркаваннем з Vatican News падзяліўся кардынал Марк Уэле, які прадстаўляе Святы Пасад на мемарыяльных мерапрыемствах 75-годдзя высадкі саюзнікаў у Нармандыі.

Прэфект Кангрэгацыі па справах біскупаў, родам з Канады, заўважыў, што сам нарадзіўся праз два дні пасля пачатку ваеннай аперацыі. У ёй загінулі і канадцы. “Аднак нашы страты не можна параўнаць з мільёнамі ахвяр на Старым Кантыненце. Гэтыя лічбы мяне ўражваюць”, - прызнаўся кардынал Уэле.

Іерарх адзначыў, што калі Еўропа сёння перажывае крызіс, гэта ў тым ліку і таму, што маладыя людзі занадта мала ведаюць і вывучаюць гісторыю, а ЕС адмаўляецца ад хрысціянства. “Трэба вярнуцца да гэтага”, - падкрэсліў кардынал.

Кардынал Марк Уэле
Кардынал Марк Уэле

“Сёння Еўрапейскі Саюз павінен знайсці свае духоўныя карані ва ўмовах крызісу. Еўропе не хапае духоўных каранёў, а дакладна: Бібліі, каталіцкай веры, хрысціянскай веры. Гэта трэба прызнаць элементам культурнай спадчыны. Ян Павел II, а пасля яго і ўсе Папы прасілі аб гэтым”, - сказаў прадстаўнік Святога Пасаду. Ён з жалем заўважыў, што замест таго, каб зрабіць гэта, у Еўропе ўсе рабілі выгляд, што не чуюць. І сёння мы маем крызіс, які не будзе пераадолены, калі не зразумеем, што ў тым ліку і на аснове духоўных каштоўнасцей: веры, надзеі і любові, можна адрадзіць Еўропу і гарантаваць яе будучыню.

У брытанскім Портсмуце 5 чэрвеня 2019 г. праходзяць памятныя ўрачыстасці з нагоды 75-й гадавіны высадкі саюзнікаў у Нармандыі. Непасрэдна ў “Дзень Д” (D-Day), які адзначаецца 6 чэрвеня, мерапрыемствы адбудуцца на другім беразе Ла-Манша ў Францыі.

Навіна ў фармаце аўдыё
05 чэрвеня 2019, 14:17