Пошук

Эмблема ААН Эмблема ААН 

Святы Пасад у ААН пра процідзеянне насіллю супраць вернікаў

Прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН прыняў удзел у мерапрыемстве, прысвечаным “процідзеянню тэрарызму і іншым актам насілля на аснове рэлігіі або веры, умацаванню талерантнасці і інклюзіўнасці”.

Выступаючы 24 чэрвеня 2019 г. у штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку, арцыбіскуп Бернардзіта Ауса звярнуў увагу на той факт, што многія акты насілля здзяйсняюцца супраць вернікаў, калі яны збіраюцца на малітве ў храмах: безабаронныя дзеці, мужчыны і жанчыны развітваюцца з жыццём проста таму, што сабраліся разам, каб практыкаваць сваю рэлігію.

Ватыканскі дыпламат адзначыў, што талерантнасць і інклюзіўнасць дасягаюцца за кошт моцнага прапагандавання права на свабоду сумлення і рэлігіі. Негарантаванне гэтага права стварае ўмовы, у якіх іншыя правы вернікаў, у тым ліку іх права на жыццё, лёгка парушаюцца. Ён заўважыў, што забеспячэнне роўнасці ўсіх грамадзян перад законам, незалежна ад іх рэлігійнай або этнічнай ідэнтычнасці, з’яўляецца асноўным патрабаваннем справядлівасці.

На думку іерарха, у барацьбе з актамі насілля на аснове рэлігіі можа дапамагчы станоўчы і паважлівы падзел рэлігіі і дзяржавы. Гэтыя дзве сферы павінны супрацоўнічаць у залежнасці ад іх канкрэтнай кампетэнцыі на карысць усіх грамадзян, але іх нельга блытаць. Вялікай дапамогай тут можа стаць адкрытае асуджэнне палітычнымі, грамадскімі і рэлігійнымі лідарамі выкарыстання рэлігіі для ўзбуджэння нянавісці і насілля або для апраўдання актаў прыгнёту, выгнання, забойства і тэрарызму.

Арцыбіскуп Ауса з жалем заўважыў, што ў шматлікіх заявах высокапастаўленых чыноўнікаў ААН, не кажучы ўжо пра нацыянальных лідараў і СМІ, напады на хрысціян застаюцца непрызнанымі, або ўжываюцца новыя эўфемізмы, каб пазбегнуць згадкі пра канкрэтна антыхрысціянскі характар насілля. Напрыклад, так адбывалася, калі ахвяр тэрактаў у Шры-Ланцы называлі “велікоднымі вернікамі”.

Прадстаўнік Святога Пасаду звярнуў увагу на неабходнасць рэальнай прыхільнасці міжкультурнаму і міжрэлігійнаму дыялогу, а таксама эфектыўнай адукацыі. “Грамадства пажынае тое, што сее. Вельмі важна, каб навучанне ў школах, універсітэтах і інтэрнэце не спараджала непрымірымасці і экстрэмісцкай радыкалізацыі, але рыхтавала вучняў да дыялогу, павагі да годнасці іншых, прымірэння, справядлівасці, павагі да вяршэнства закона”, - сказаў арцыбіскуп Ауса перад прадстаўнікамі краін у Нью-Ёрку.

Дыпламат падкрэсліў, што процідзеянне тэрарызму і іншым актам насілля супраць вернікаў і ўмацаванне цярпімасці і інклюзіўнасці не можа быць дасягнута лёгка і хутка, працэс патрабуе вялікага цярпення, настойлівасці, мудрасці, мужнасці і кіраўніцтва.

Навіна ў фармаце аўдыё
25 чэрвеня 2019, 14:08