Святы Пасад у ААН: вярнуць надзею чалавечай сям’і і планеце
17 чэрвеня 2019 г. мансеньёр Фернанда Чыка Арэлана, Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (FAO) выступіў на Міжнародным семінары па праблеме засухі, арганізаваным ФАО з нагоды Міжнароднага дня барацьбы з апустыньваннем і засухай.
Цытуючы папу Францішка, ватыканскі дыпламат заклікаў ашчадна карыстацца воднымі рэсурсамі і клапаціцца пра іх захаванне, бо недахоп вады і яе няроўнае размеркаванне вымушаюць пакутаваць многіх людзей, выклікаюць голад і міграцыю.
Патрэбна “тэрміновае і разважлівае” рашэнне – пачынаючы з прэвентыўных мер, сярод якіх – выкарыстанне тэхналогій, у тым ліку спадарожнікаў назірання за Зямлёй, і заканчваючы перайманнем “станоўчага вопыту сельскагаспадарчага страхавання, развітага і падтрыманага ўрадамі разам з прыватнымі ініцыятывамі, якія пакрываюць выдаткі прадпрымальнікаў на барацьбу з засухай” або аказваюць дапамогу людзям, што апынуліся ва ўмовах экстрэмальнай засухі.
Вырашальнае значэнне, заўважыў кс. Арэлана, мае забеспячэнне ўстойлівай сельскай гаспадаркі – “здольнай супрацьстаяць кліматычным зменам і недахопу вады”.
Гэта падразумявае выдаткаванне сродкаў на пашырэнне сістэм планаванай ірыгацыі, якія б дазвалялі пазбягаць марнавання вады і ўрадлівай глебы, а таксама на інфраструктуру і абсталяванне, прызначаныя для захавання культурных раслін ад згубных атмасферных з’яў. Пры гэтым нельга, каб гэтыя ініцыятывы ператварыліся ў “стратэгію, якая палягчае замяшчэнне раслінных культур і мясцовай біяразнастайнасці лабараторнымі адзінкамі”, - перасцярог іерарх.
Аднолькава важна забяспечыць і “чалавечую ўстойлівасць”, працягнуў прадстаўнік Святога Пасаду. Маецца на ўвазе “здольнасць народаў не паддавацца складаным выклікам нашага часу, але знаходзіць рашэнні, якія б памяншалі і аслаблялі разбуральныя эфекты кліматычных змен. Гаворка ідзе пра вяртанне надзеі чалавечай сям’і і планеце, на якой жывём”, патлумачыў мансеньёр Арэлана і дадаў, што гэтага можна дасягнуць ва ўмовах адкрытасці на іншых і міжнароднага супрацоўніцтва.