Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Біскупы Венесуэлы: для перамен патрэбны новыя выбары

Каб выйсці з глыбокага крызісу, патрэбны новыя прэзідэнцкія выбары, заўважыў старшыня Канферэнцыі Біскупаў Венесуэлы, арцыбіскуп Хасэ Луіс Асуахэ.

Палітычны і эканамічны крызіс у Венесуэле прывёў да дэфіцыту прадуктаў харчавання, недахопу вады і медыкаментаў, праблем з электраэнергіяй і транспартам, эскалацыі насілля і парушэння правоў чалавека. У выніку міграцыі насельніцтва краіны зменшылася амаль на 12-14%. Феномену спадарожнічае росквіт гандлю людзьмі і сучаснага рабства.

У інтэрв’ю Vatican News арцыбіскуп Асуахэ падкрэсліў, што “неэфектыўнасць кіруючага рэжыму, прывяла да таго, што насельніцтва не мае доступу да базавых паслуг”. “Патрэбны палітычныя перамены, бо без іх не будзе перамен эканамічных і грамадскіх”, - дадаў ён.

“Мы лічым, што цяперашні ўрад прыйшоў да ўлады нелегітымным чынам”, - сцвердзіў арцыбіскуп. На яго думку, трэба, каб новыя выбары праходзілі пры назіранні з боку міжнароднай супольнасці і ўдзеле венесуэльцаў, якія пражываюць за мяжой.

7-12 ліпеня 2019 г. у Венесуэле прайшло пасяджэнне мясцовага епіскапату. На яго заканчэнне біскупы рашуча “заклікалі да сыходу тых, хто незаконна карыстаецца ўладай, і правядзення, як мага хутчэй, новы выбараў Прэзідэнта Рэспублікі”.

Святы Айцец выказаў занепакоенасць крызісам у Венесуэле падчас сустрэчы з вернікамі з малітве “Анёл Панскі”, якая прайшла 14 ліпеня 2019 г. у Ватыкане. “Зноў прагну выказаць маю блізкасць дарагому венесуэльскаму народу, які асабліва пакутуе ад працяглага крызісу. Папросім Пана натхніць і прасвятліць бакі, каб змаглі як мага хутчэй прыйсці да пагаднення, якое пакладзе канец пакутам народа, дзеля дабра краіны і ўсяго рэгіёна”, - сказаў Папа.

Навіна ў фармаце аўдыё
16 ліпеня 2019, 12:58