Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у ААН пра пагаршэнне сітуацыі на Блізкім Усходзе

Напружаная сітуацыя на Блізкім Усходзе была тэмай звароту пастаяннага прадстаўніка Апостальскай Сталіцы ў ААН падчас адкрытых дэбатаў, якія 23 ліпеня 2019 г. прайшлі ў Радзе Бяспекі.

У ходзе дыскусіі на тэму: “Блізкі Усход, уключаючы палестынскае пытанне”, арцыбіскуп Бернардзіта Ауса нагадаў пра патрэбу ў дыялогу для развіцця культуры салідарнасці і мірнага суіснавання, каб паменшыць эканамічныя, сацыяльныя, палітычныя і экалагічныя праблемы.

Спасылаючыся на “небяспечную эскалацыю насілля”, якая адбываецца ў Сектары Газа і на Заходнім беразе ракі Іардан, дыпламат падкрэсліў, што гуманітарная дапамога важная для спрыяння перамовам паміж ізраільцянамі і палестынцамі, але не можа замяніць іх. Атмасфера недаверу паміж бакамі можа “хутка ператварыцца ў акты насілля, што паставяць пад пагрозу жыццё палестынцаў і ізраільцян”, папярэдзіў ён.

Прадстаўнік Святога Айца заўважыў, што дэбаты ў ААН павінны “прывесці да дзеянняў”, а не заставацца толькі каментаром адносна перашкод “для дасягнення даўно чаканага рашэння для дзвюх краін у рамках межаў, прызнаных на міжнародным узроўні”. Дыпламат заклікаў міжнародную супольнасць “заахвоціць бакі вярнуцца за стол перамоў” дзеля мірнай будучыні.

Гаворачы пра сітуацыю ў Сірыі, арцыбіскуп Ауса звярнуў увагу на рызыку паглыблення і без таго “найгоршага гуманітарнага крызісу”. “Мы не можам заставацца нямымі перад крыкам тых, хто не мае ежы, магчымасці атрымання медыцынскага дапамогі і адукацыі, крыку сірот, удоваў і параненых”, - сцвердзіў ён.

Ватыканскі дыпламат адзначыў пагаршэнне гуманітарнай сітуацыі ў Емене, дзе каля 20 мільёнаў чалавек пакутуюць ад адсутнасці харчовай бяспекі, выкліканай сутыкненнямі, што з 2014 г. трываюць паміж урадавымі войскамі і паўстанцамі. Арцыбіскуп Ауса заклікаў, акрамя аказання гуманітарнай дапамогі насельніцтву, спыніць продаж зброі ў гэты рэгіён.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 ліпеня 2019, 13:16