Барталамей І заклікаў хрысціян вяртацца на турэцкі востраў
“Вяртайцеся ў дамы вашых продкаў. Многія ўжо зрабілі гэта”, - сказаў Прадстаяцель на сваім родным востраве Імроз. Грэчаскія хрысціяне зніклі з Анатоліі ў выніку грэка-турэцкай вайны ў 1919-22 гг. Тады было забіта 350 тыс. турэцкіх грэкаў. На падставе Лазанскай дамовы 1,3 млн грэкаў былі перамешчаны з Турцыі, а 385 тыс. туркаў з Грэцыі. Гэта не тычылася двух астравоў Імроз і Тэнэдас.
У адпаведнасці з Лазанскай дамовай Імроз перайшоў Турцыі, але большасць яго жыхароў былі грэкамі. У 1965 г. туркі арганізавалі на востраве турму пад адкрытым небам. Асуджаныя, адпраўленыя сюды, мелі поўную свабоду перамяшчэння. Мясцовая супольнасць пакутавала ад гэтага, частымі сталі напады і забойствы. Такім чынам, большасць хрысціян пакінулі востраў: з 12 тыс. у 1965 г. іх засталося ў 2017 г. толькі каля 200.
Як піша La Croix, Патрыярх Барталамей І імкнецца да хрысціянскага адраджэння свайго роднага вострава. Ён пабудаваў там пачатковую школу і калегіум для сем’яў, якія вырашылі вярнуцца, рэстаўраваў усе цэрквы і два манастыры. Цяпер з гэтага сімвалічнага для хрысціян Турцыі месца ён звярнуўся да ўсіх нашчадкаў грэчаскай дыяспары. “Не забывайцеся пра свае карані і вяртайцеся да іх”, - сказаў духоўны Прадстаяцель праваслаўя.