Пошук

Архіепіскап Кентэрберыйскі Джасцін Уэлбі з Францішкам Архіепіскап Кентэрберыйскі Джасцін Уэлбі з Францішкам 

Brexit: грамадзянскі форум можа ўзначаліць Прымас Англіі

Архіепіскап Кентэрберыйскі Джасцін Уэлбі запрошаны ўзначаліць Форум грамадзянскай супольнасці па пытанні Brexit. Прапанову ён назваў “нечаканай прывілеяй”.

“Я ганаруся тым, што да мяне звярнуліся, і ў цэлым я гатовы згадзіцца, за выключэннем некаторых умоў, якія пакуль што не выкананы”, - напісаў Прымас Англіканскай Царквы ў заяве з нагоды запрашэння на Форум па выхадзе Вялікабрытаніі з ЕС.

Іерарх заявіў, што, па-першае, “форум не павінен стаць “траянскім канём”, накіраваным на запаволенне або прадухіленне працэсу ў любой форме. Такую ўладу маюць выключна ўрад і парламентарыі. Форум павінен быць адкрытым для любых магчымасцей”. Па-другое, яго правядзенне павінна “мець міжпартыйную падтрымку”. Па-трэцяе, “працэс павінен мець час для таго, каб быць адпаведным чынам падрыхтаваным”.

“Неабходнасць нацыянальнага аднаўлення і, магчыма, пераходу да прымірэння вельмі важныя, і для гэтага спатрэбіцца шмат часу, грунтоўныя намаганні на карысць усеагульнага дабра і ўнёскі з кожнай крыніцы. Гэты Форум – толькі адно са шматлікіх і разнастайных намаганняў, здзейсненых у свеце палітыкі і ва ўсёй краіне да і пасля Brexit. Кожнае намаганне мае значэнне”, - заявіў арцыбіскуп Кентэрберыйскі.

Таксама ён заўважыў, што лічыць часткай свайго хрысціянскага абавязку “загаіць падзелы, выкліканыя Brexit. “Езус Хрыстус – крыніца прымірэння і аздараўлення для людзей і грамадства. Відавочна, гэта правільна, што, нароўні з многімі іншымі, Цэрквы павінны паспрыяць узнікненню дынамічнай і аб’яднанай краіны пасля Brexit, якімі б шляхамі гэта ні было дасягнута. Кожны з нас павінен адыграць у гэтым заданні тую ролю, якую можа”, - напісаў Прымас Англіі.

Іерарх заклікаў да малітвы “за жыхароў краіны, на жыццё якіх у многіх аспектах паўплываюць важныя рашэнні, што будуць прыняты”.

ЕС на экстранным саміце 10 красавіка 2019 г. даў Вялікабрытаніі адтэрміноўку ад выхаду з Еўрасаюзу да 31 кастрычніка. Паводле ўмоў адтэрміноўкі, краіна можа не чакаць заканчэння гэтага тэрміну і фармальна выйсці з ЕС раней, калі Палата абшчын ратыфікуе тройчы адхіленае пагадненне аб выхадзе з Еўрасаюзу.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 жніўня 2019, 14:34