“Эканоміка Францішка”: надзяліць душой эканоміку заўтрашняга дня
Цяпер усю інфармацыю адносна працэсу падрыхтоўкі да маштабнай эканамічнай сустрэчы маладых спецыялістаў і прадпрымальнікаў з усяго свету, якая пройдзе ў італьянскім Асізі ў сакавіку 2020 г., можна атрымліваць на адпаведных старонках у Facebook, Twitter, Instagram, YouTube і Flickr.
Сумесная ініцыятыва Святога Пасаду і шэрагу вядучых эканамістаў ужо атрымала больш за 500 заявак на ўдзел з боку прадпрымальнікаў і студэнтаў ва ўзросце да 35 гадоў, якія паходзяць больш чым з 45 краін, у тым ліку з Японіі, Анголы, Бразіліі, ЗША, Саудаўскай Аравіі, Партугаліі і Кубы. Усяго за некалькі месяцаў на адмысловым сайце зарэгістравалася больш за 2 тыс. карыстальнікаў.
Сваю прысутнасць на форуме “Эканоміка Францішка” ўжо пацвердзілі лаўрэаты Нобелеўскай прэміі па эканоміцы Мухамад Юнус і Амарція Сэн, а таксама шэраг іншых выбітных эканамістаў і сацыёлагаў.
У працэсе падрыхтоўкі да мерапрыемства ў Італіі і ў іншых краінах будуць праводзіцца спецыялізаваныя майстар-класы, вучэбныя семінары і канферэнцыі. Вядучыя ўніверсітэты, прадпрыемствы, прадпрымальніцкія сеткі, рухі і асацыяцыі арганізуюць эматычныя мерапрыемствы па эканамічных пытаннях сучаснасці.
У асобным раздзеле на сайце – “У кірунку эканомікі Францішка” – можна акрэдытаваць уласную ініцыятыву, запоўніўшы адпаведную форму.
“Заключыць з моладдзю, незалежна ад яе веравызнання і нацыянальнасці, дамову на змену дзеючай эканомікі і надзяліць душой эканоміку заўтрашняга дня, каб была справядлівай, устойлівай і з новымі дзеючымі асобамі, якія сёння з яе выключаны”, - так апісваюць мэту форуму яе арганізатары. Яны запэўніваюць, што сустрэча ў Асізі будзе адрознівацца ад тыповай канферэнцыі тым, што злучыць у адно тэорыю і практыку ў надзеі пабудаваць новыя формы супрацоўніцтва і вынайсці новыя ідэі.
Міжнародны форум “Эканоміка Францішка” адбудзецца 26-28 сакавіка 2020 г. у Асізі. Ён пройдзе пад патранатам Дыкастэрыі па спрыянні інтэгральнаму развіццю чалавека. Папа запрасіў на яго маладых эканамістаў і прадпрымальнікаў з усяго свету. Афіцыйная прэзентацыя ініцыятывы прайшла 14 мая 2019 г. у Ватыкане.