Пошук

Францішак і Ахмед Эль Таеб падчас падпісання Дэкларацыі аб братэрстве Францішак і Ахмед Эль Таеб падчас падпісання Дэкларацыі аб братэрстве 

Рэлігійныя лідары Філіпінаў адобрылі “Дэкларацыю аб братэрстве”

Рэлігійныя лідары Мінданао, вострава на поўдні Філіпінскага архіпелага з пераважна мусульманскім насельніцтвам, дзе ўжо даўно трывае канфлікт, адобрылі “Дэкларацыю аб братэрстве”, прынятую ў Абу-Дабі.

Сярод найбольш руплівых удзельнікаў прымірэнчага працэсу – філіпінскі кардынал Арланда Куэведа.

Дакумент быў прыняты падчас сустрэчы паміж лідарамі мясцовых хрысціянскіх і мусульманскіх вернікаў у філіпінскім горадзе Давао. Яна праходзіла пад дэвізам “Працаваць і ісці разам у кірунку аздараўлення і прымірэння” і мела на мэце збор прапаноў адносна спосабаў усталявання міру і бяспекі ў рэгіёне.

Жоэль Табора, езуіт, рэктар універсітэта ў Давао, узнавіў гісторыю “канфлікту, жорсткасці і вайны” паміж мусульманамі і хрысціянамі, якія адбываюцца “нягледзячы на тое, што і адны, і другія вераць у адзінага Бога і ў спачуванне”. Па словах святара, на гэтым фоне “Дэкларацыя аб братэрстве” бачыцца як вельмі “значны” дакумент.

Манах заўважыў, што зацвярджэнне дакумента адбылося адначасова з падпісаннем мірнага пагаднення паміж кіраўніцтвам Філіпінаў і Ісламскім фронтам вызвалення “Мора” – “гістарычнай падзеяй на карысць міру паміж хрысціянамі і мусульманамі ў Мінданао і на Філіпінах, пасля варожасці, якая трывала на працягу вякоў”.

У сваю чаргу, Карліта Гальвэз, саветнік-міратворац у філіпінскім урадзе заўважыў, што дакумент “мог бы дапамагчы пазбегнуць вяртання да ўзброенага канфлікту і распаўсюджвання надзвычайнай жорсткасці”.

“Дэкларацыя аб братэрстве паміж людзьмі, міры ў свеце і агульным суіснаванні” была зацверджана папам Францішкам і Вялікім імамам Аль-Азхар Ахмедам Эль Таебам у лютым 2019 г., падчас візіту Святога Айца ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Дакумент увасабляе “сумеснае абвяшчэнне намаганняў па аб’яднанні чалавецтва і працы на карысць міру ў свеце, з тым каб забяспечыць будучым пакаленням магчымасць жыць у атмасферы ўзаемапавагі і здаровага суіснавання”.

Навіна ў фармаце аўдыё
26 жніўня 2019, 12:13