Біскуп прыме ўдзел у рымскім паўмарафоне
57-гадовы іерарх французскага паходжання, дамініканін, актыўны ўдзельнік міжрэлігійнага дыялогу, прабяжыць 21 кіламетр у складзе ватыканскай лёгкаатлетычнай каманды “Athletica Vaticana”.
“Хто бяжыць, той моліцца двойчы”, - заўважыў біскуп Вэска, перафразуючы св. Аўгустына. Ён распавёў, што свой першы паўмарафон прабег яшчэ ў 1989 г. Мэтай удзелу ў такіх мерапрыемствах для яго з’яўляецца не спаборніцтва з іншымі людзьмі, але магчымасць паслухаць самога сябе. Рымскі паўмарафон – яшчэ і нагода, каб засведчыць аб дыялогу, сяброўстве, надзеі і міры з дапамогай спорту.
Падзея адбудзецца 22 верасня2019 г. Яна з’яўляецца адзіным спартыўным спаборніцтвам у свеце, выразна арганізаваным з мэтай прасоўвання дыялогу і інтэграцыі паміж людзьмі розных культур і рэлігій.
Маршрут забегу будзе праходзіць ля розных культавых месцаў Рыму: базылікі св. Пятра, сінагогі і мячэці, будысцкага і індуісцкага храмаў, святыні вальдэнсаў і праваслаўнай царквы. У спаборніцтве прыме ўдзел каля 7 тыс. чалавек. Для пачаткоўцаў будзе арганізаваны “неканкурэнтны” забег на 5 км – Run for Peace.